Мультфільм “Будзьма беларусамі”: глядзім і абмяркоўваем тут!

Сёння мы прэзентуем першы прафесійна зроблены анімацыйны фільм, прысвечаны гісторыі Беларусі ад яе пачатку да нашых дзён. Мультфільм з’яўляецца цэнтральнай, але далёка не фінальнай падзеяй  сумеснага праекту “БудзьмаTUT” культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і парталу TUT.BY.

Праект мае на мэце зацікавіць беларускай гісторыяй і культурай шырокае кола людзей. Стваральнікі праекта перакананыя, што менавіта гэтыя каштоўнасці сёння могуць аб’яднаць такіх розных беларусаў.


тэкст песні па-беларуску
тэкст песні па-руску
тэкст песні па-ангельску

Тут можна cпампаваць мультфільм.
Тут можна cпампаваць песню ў mp3.

Абмяркуйма мультфільм разам у каментах да гэтага паста.

Таксама ў праекце – блог ад Усяслава Чарадзея, Першае ў Байнэце ток-шоў “Шалёныя VS памяркоўныя”.

163 каментара Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №40, у якім аўтар блога клянецца мамай і таткам, што ўсё канчаткова вырашыцца

– Проста разумееце, за гэтае тысячагоддзе, калі вы ані разочку нас не пусцілі на гэтую вашую кактэйль-вечарыну, у нас назапасілася столькі прыгожых сукняў! – перарвала доўгую паўзу Чорная Панна.

– І ўсё? – прамовіў ашаломлены заяц.

– А што, мала? – здзівілася Чорная Панна. – Гэта ж не абы-якое прыніжэнне! Калі адбывалася святкаванне якой-небудзь векапомнай падзеі ці нейкай перамогі ў чарговай палітычнай інтрызе – скулля нам кактэйль-вечарына! І Бона Сфорца, і, зразумелая рэч, Соф’я Гальшанская крыўдавалі на гэта, я ўжо не кажу пра Рагнеду і Еўфрасінню Полацкую, якія сапраўды амаль не кіравалі краінай ды стаялі за дзяржаўнымі рашэннямі і пастановамі.

І дадала:

– Бо часам, ведаеце, так хочацца змяніць шэрую мантыю кардынала на чорную вечаровую сукню!

– А твая атручальніца, каралева Бона Сфорца, за якімі рашэннямі стаяла, акрамя твайго атручэння, дазволь дазнацца? – з’едліва спытаў Чорную Панну заяц.

Чорная Панна перасмыкнулася, але знайшла годны адказ:

– А калі б не Бона Сфорца на высокіх пасадах, вы б ніколі не даведаліся, што такое кава.

– Кава – гэта сур’ёзна і цягне на культурны ўнёсак, папахвае асветніцтвам, гуманізмам і мае вялікае цывілізацыйнае значэнне – без яе мужчыны б з ложку не змаглі ўстаць і не зрабілі б сваіх эпахальных учынкаў, – прымірэнча сказаў я Чорнай Панне. – І на нас, прынамсі, на мяне і зайца, кава моцна паўплывала.

Але дзяўчаты, самае галоўнае, – дадаў тут я, – што ўсё яшчэ можна выправіць, і мы ўсе не загінем, няхай і прыемнай для вас, смерцю сярод баршчу…

І ўсміхнуўся так прыязна, як толькі можа ўсміхацца мужчына, якога раздзірае чалавеча-звярыная дваістасць і княская дылема: пакараць смерцю або памілаваць.

Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №39, У якім стопудова ўсё вырашыцца

– Так ці інакш, ад Полацка свет пачаўся, а ў Палессі ён завершыцца, – сказала Рагнеда, памахваючы сваім двухручным мачэтэ перад маім носам. – Тут, з самага нізкага пункту краіны, на паверхню ўпершыню выйдзе боршч і пакрысе затопіць усенькую Зямлю.
– Стоп, стоп, прабабуля, пры чым тут уся Зямля? – раптам сказаў я. – Ну, тое, што вы на нашых мужчынаў зуб маеце, я ўжо цудоўна зразумеў, а замежнікаў затапляць за што? Яны ж, з пэўнымі агаворкамі, не вінаватыя.
– Помста за тое, што… – тут Рагнеда раптам запнулася.
Яна няўцямна перавяла вочы з нас на сваіх сябровак. Пад яе позіркам Еўфрасіння пачала даставаць з вока нейкую няісную парушынку. Чорная Панна зірнула на свае празрыстыя чаравікі. Рагнеда відавочна мулялася. Мы пакутліва чакалі.
– …За тое, што… – голас Рагнеды канчаткова перасекся.
– …за тое, што яны вас, нашых мужыкоў, абражалі! – выпаліла за яе мая ўнучка Еўфрасіння.
Мы стаялі збянтэжаныя, а казала ўжо Чорная Панна Нясвіжа:
– Як цяпер у вачах стаіць, як замежнікі пальцам паказвалі: “Вось, глядзіце на бесталковых і бесхрыбетных беларусаў!..
Мы па-ранейшаму маўчалі.
– Яны, можа, і не казалі нічога благога пра беларусак, толькі пра вас, мужчын, – дадала Соф’я Гальшанская, – але гэта чамусьці было так… так… крыўдна…
Зноў запанавала паўза. Баян паскроб ключамі ад машыны часу за вухам. Я ў одуме паператвараўся ў ваўка і назад.
– Дык я не магу зразумець, дзяўчаты, вы супраць нас ці за? – урэшце запытаў заяц. – І самае галоўнае: вельмі цікава, будзеце вы рабіць сусветны патоп ці спусціце на тармазах боршч бедным?
– Ат! – выпаліла Рагнеда і, адвярнуўшыся, махнула рукой.
– Не-не, прабабуля, пачакай… – заўпінаўся цяпер ужо я.
Рагнеда паспрабавала зрабіць суворыя вочы і нават размахнулася мачэтэ, але знянацку абмякла. Мачэтэ грукнулася ля саменькіх маіх ног. Падрабязней…
Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №38, у якім, магчыма, усё і вырашыцца

Пасля прамовы Рагнеды запанавала ціша.

– Ваў, – урэшце вымавіў заяц. – Я, здаецца ведаю, што буду есці падчас доўгай ядравай зімы.

Еўфрасіння кісла ўсміхнулася.

– О не, спадар заяц, – сказала яна. – Ты моцна памыляешся. Боршч, які сядзяць і вараць нашы жанчыны – не НЗ Апакаліпсісу, боршч і ёсць Апакаліпсіс. Пякучы і пякельны. Безбярэжны і бязлітасны. Пунсовы, як кроў, наварысты, як лава.

І прыпячатала:

– Боршч жаночага гневу!

Мы знерухомелі, ашаломленыя. Рагнеда дадала:

– Запомніце, помста – гэта страва, якую падаюць гарачай, і яна ўжо даўно пастаўленая на агонь і кіпіць у зямной кары. Цяпер, у 2012-м, пасля тысячагоддзя варкі падземныя рэзервуары Герадотава мора амаль паўнюткія – нам трэба яшчэ літаральна пара месяцаў, каб той боршч нашага гневу магутным струменем выплюхнуўся на зямное аблічча і ўчыніў усясветны патоп.

Яна дастала з-за пазухі драўляны апалонік і памахала ім на манер сцяга:

– Бо ў ідэале нашая мэта – пачатак новай цывілізацыі, дзе ўсё па-нармальнаму і па-жаночаму, без пакрыўджаных хлопчыкаў і іх забойчых цацак. І забудзьцеся, шаноўныя мужчыны, што, маўляў, кожнай пачвары па пары, бо пачвараў, то бок вас, мы пакідаем за бортам Ноевага каўчэга! Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост без нумару – 2, у якім слова працягвае гвалтам утрымліваць князёўна Рагнеда

Кароткі змест папярэдніх пастоў. Усяслаў Чарадзей са сваім сябрам зайцам знайшлі, хто стаіць за канцом свету ў 2012 годзе. Гэта беларускія жанчыны на чале з прабабкай Чарадзея, князёўнай Рагнедай. Яна расказвае сваю версію айчыннай гісторыі.

…Аднак потым, пасля бунтаркі Еўфрасінні, пацягнулася суцэльная беспрасвеціца – беларускім жанчынам канчаткова ўказалі нашае месца дома і наш занятак – варку баршчу. І кожнае новае стагоддзе зрабілася падобным да папярэдняга.

Пакуль мужчыны выхваляліся сабе, што пасля слаўнага Грунвальда нага ўзброенага немца пяцьсот гадоў не ступала на нашыя землі, мы казалі на кухні, што немца, можа, і не ступала, аднак тутэйшы дол спраўна пляжылі і маскоўскія, і шведскія, і французскія чобаты – усе, каму не лянота!

“Статуты ВКЛ – і ажно тры штукі!” – крычалі яны, а мы, абкладзеныя з усіх бакоў патэльнямі з пасіраваным бураком і морквай, пасміхаліся праз слёзы. Бо ведаеце, як гэтыя тры Статуты называюцца на мове паліграфістаў? “Перавыданне, з дапаўненнямі”. Выдалі адну талковую кнігу і чатырыста гадоў, перадрукоўваючы, мужчыны баёдалі ганарар, у сэнсе маральны капітал.

“Мы – мужыкі-беларусы!” – закрычалі яны ў канцы ХІХ стагоддзя, абвяшчаючы сваё адраджэнне. А мы, плачучы ці то ад цыбулі, ці то ад паўстанцкіх паразаў мінулых гадоў, шэптам перапыталі адна адну: “Якое тут, даражэнькая, адраджэнне, калі хутка цывілізацыі гамон?!” Бо як на іх ні глянь, дык замест нармальнай жыткі яны толькі і робяць, што адраджаюцца.

І ў першае Адраджэнне яны што зрабілі? Пры дапамозе розных мастацкіх жанраў і трапных метафар – не без таленту, вядома, – апісалі сваю крыўду родным словам ды замаўчалі яшчэ на паўстагоддзя. У апошняе ж Адраджэнне былі надта занятыя тым, каб паўсюль стаўляць мяккія знакі, пакуль наўкола нашая цудоўная Полаччына ператваралася ў нейкі цвёрды і мулкі… АўсВайс Русланд.

І, Госпадзе, чаму заўсёды ў мужчын быў нехта вінаваты: рука Масквы, Варшавы, Мінска, немцы, мамы, Шушкевіч, драпежныя вавёркі, празмерная мудрасць іх саміх, іхная цяга да справядлівасці, машына часу і агульнаславянскія карані?!.

Боршч

Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост без нумару, у якім слова гвалтам бярэ князёўна Рагнеда

Кароткі змест папярэдніх пастоў. Усяслаў Чарадзей са сваім сябрам зайцам шукаюць, хто стаіць за канцом свету ў 2012 годзе. Пасля складаных і небяспечных пошукаў яны гэтага завадатара выкрываюць. Ім выяўляецца прабабка Чарадзея, князёўна Рагнеда.

…Мы, беларускія жанчыны, сядзелі дома і варылі боршч. Усю нашую тысячагадовую гісторыю. Пакаленне за пакаленнем. У хаце, у замку, у панскай сядзібе. Хто боршч на сале, хто – проста нішчымнае бацвінне…

Пачалося ўсё з мяне, з таго замаху на забойства чалавека, князя Уладзіміра Яснае Сонейка, які майго бацьку Рагвалода пазбавіў жыцця, а мяне – гонару і волі.

Праўда ў тым, што калі я, памаліўшыся Перуну, узяла ў рукі нож, каб забіць зненавіднага кіеўскага князя Уладзіміра Яснае Сонейка, дык той не прачнуўся. Не прачнуўся і ў выніку – што б там ні выдумлялі летапісцы – спыніць мой удар не мог. Князь быў надта п’яны, каб пачуць праз сон хоць нешта.

Удар спыніў мой сын Ізяслаў. Замест таго каб дапамагчы роднай маме, Ізяслаў уклініўся паміж мною і прыспаным Уладзімірам і ўладным рухам той нож затрымаў.

“Мама, я вам загадваю, марш адсюль! – сказаў мне гэты смаркач. – Паберажыце ваш кухонны нож для цыбулі і буракоў. Я дарослы мужчына і хачу зрабіць усё сам”. Убачыўшы яго такі мужны і ўпэўнены позірк, я падпарадкавалася.

І што? Нават такой простай задачы, як забіць бацьку, мой сын рады не даў. З голымі рукамі Ізяслаў падышоў да Уладзіміра, асцярожна даткнуўся бацькавага пляча і досыць далікатна прашаптаў яму на вуха:

“Я вам загадваю, спадар Уладзімір, калі ласка, папа, сыходзьце з нашага дому ў Кіеў. Вы нізкі, падступны, забілі майго дзеда Рагвалода, згвалтавалі маму, забралі нашую спадчыну, Полацкае княства. Вы кепскі. І вы тут не адзін, між іншым, ёсць і іншыя, то бок я”.

Уладзімір не прачнуўся і тады.

Падрабязней…

Адзін каментар Каментаваць

Будзьма ТУТ! Блог Усяслава Чарадзея. Пост №37. Кніга выслоўяў Чарадзеевых

Магію забіваюць факты, магаў – інквізіцыя, адсюль я раблю выснову, што навукоўцы і цемрашалы – аднаго балота чэрці.

Гэта яшчэ няясна, ці ваўкалак – чалавек, які часам ператвараецца ў ваўка, ці ўсё ж воўк, які калі-нікалі бывае чалавекам.


Мой выпадак для марксістаў – наглядны прыклад таго, як сярэднявечны князь-феадал, паэксплуатаваўшы ўсмак прыгоннае сялянства, на вачах страчваў людское аблічча.

Хто гэтую назву ваўкалак увогуле прыдумаў? Я што, маляр ці прадавец у “Ваўкалакі і ваўкафарбы”?! Што гэта за “лак” такі?

Ваўкаluck? Ваўчынае шчасце? Гучыць не раўнуючы як «сабачае жыццё».

Ну, вялікая бяда – ваўкалак! Напрамілы Бог, шаноўны чытачу, у цябе ж ХХІ стагоддзе на дварэ: людзі больш не саромеюцца публічна прызнавацца, што яны, напрыклад, вегетарыянцы, ці, страшна падумаць, веганы. Наведваюць сабе свае веганскія капішчы, гадуюць дзетак у веганстве і веганшчыне. Нават ствараюць чыста веганскія шлюбы!

“Тры тысячы словаў аб паходзе Ігара” – гэтак называўся той няхілы закос пад фэнтэзі першапачаткова. Ну, я толькі губляюся ў здагадках, што зрабілі з астатнімі дзвюма тысячамі дзевяццюстамі дзевяноста дзевяццю словамі шматлікія пакаленні перапісчыкаў і рэдактараў. І якое адзінае слова яны ўсё ж літасціва пакінулі, таксама хацелася б дазнацца.

У лесе даўно пануе мультыкультуралізм і ліберальныя каштоўнасці, а таму адсутнічае такое часам бязлітаснае дзяленне на добрых і кепскіх. І калі цябе зжэрлі, гэта значыць не тое, што ты добры, але табе кепска, а твой крыўдзіцель – кепскі, але яму добра, гэта азначае, што баланс і раўнавага ў прыродзе прыйшла ў норму – і толькі. А адгэтуль крыўдаў і нараканняў на паскуднае абыходжанне і дрэнны лёс у нас няма. Падрабязней…

Адзін каментар Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №36, у якой да следства падключаецца паэт Баян

– Значыць, давайце, падсумуем, што мы ведаем, – сказаў Баян. Каб раскатурхаць грамаду,ён пачаў актыўна падымаць нас з офісных тронаў. Уключыў усё святло і нават пачаў паліваць са шланга.

– Прыйдзе апакаліпсіс, і яго арганізатарам будзе нейкая асоба з Беларусі, і гэта не Францішак Скарына, – мерна забубніў заяц праз сон.

– То бок жанчына? – удакладніў Баян.

– Чаму жанчына? – здзівіўся заяц і прачнуўся. Баянавыя словы яго раздражнілі.

– Ты сказаў “нейкая асоба”. А слова “асоба” – жаночага роду.

– Не, асоба – гэта яшчэ і мужчына, мой мілы пясняр, – мала не закіпеў заяц, і спыніла яго толькі тое, што Чорная Панна прынесла яму яшчэ адну філіжанку цынамонавай кавы.

Падрабязней…

Адзін каментар Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №35. Пра канец свету ў 2012 годзе (працяг)

Кароткі змест папярэдніх пастоў. Павышаючы імідж нашай дзяржавы, Усяслаў Чарадзей са сваім сябрам зайцам выпадкова дазнаўся, што хутка, у 2012 годзе, будзе канец свету. Па падазрэнні ў арганізацыі несанкцыянаванага канца свету быў арыштаваны Францішак Скарына, але ў яго алібі. Пошукі працягваюцца.

“Кастусь Каліноўскі? Сімяон Полацкі? Вацлаў Ластоўскі?”

Імёны патэнцыйных ініцыятараў апакаліпсісу што шалёныя круцяцца ў нашых галовах. Каму выгадны канец свету, які няўмольна набліжаецца да нас дзень пры дні?

Жыццё ператварылася ў суцэльнае следства. “Бо час кароткі”, – папярэджвае нас Біблія, і як папярэджанне цяпер, у самы разгар 2012 года, з доўгатэрміновага туманнага прароцтва, здаецца, ператварылася ў кароткачасовы прагноз надвор’я.

Мы з Усяславам Чарадзеем размаўлялі ўсё роўна як праз сон, блукалі па офісе, гарталі гістарычныя кнігі і дакументы, размаўлялі (такое ўражанне, што тэлепатыяй), пілі цынамонавую каву, што спраўна падавала нам Чорная Панна, і, перагружаныя разумовай працай, засыналі на офісных крэслах… Потым прачыналіся, зноў пілі цынамонавую каву, размаўлялі як праз сон… Усё было ў нейкім сутонні, мроіве, быццам усё дзейства адбываецца ў опіумні.

“Мялецій Сматрыцкі? Рагвалод? Булак-Булаховіч?”

Адным днём пасярод гэтага ачмуру на калідоры пачуліся гулкія крокі, і ў кабінет уварваўся дэбашыр і перагоншчык машын часу паэт Баян.

Яшчэ раней, толькі пачуўшы пра Апакаліпсіс у 2012 годзе, ён вымавіў фразу, якая ў вузкіх колах плешчаніцкіх футуролагаў па часе зрабілася культавай:

– Гісторыкі ХХІІІ стагоддзя гэтага не перажывуць.


Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №34. Пра стварэнне машыны часу на аснове трактара “Беларус” (заканчэнне)

З(а)мест папярэдняга паста. Вынаходнік-наватар ХХІІІ ст. Флавій Капацька вынайшаў сакрэт машыны часу. Пакорпаўшыся ў архівах, навуковец высветліў, што машына часу ўжо была вынайдзеная ў мінулых стагоддзях на аснове трактара МТЗ-80.

Машыны часу на базе “МТЗ-80” з гонарам усталявалі ў кожным райцэнтры пасярод цэнтральных плошчаў на пастаментах, адкуль раней паскідвалі бронзавых і бетонных Леніных, якія такім чынам урэшце дачакаліся сваёй абяцанай светлай будучыні. На тых пастаментах машыны часу, шчасліва забытыя, прастаялі гадоў сто пяцьдзясят аж да эпахальнага адкрыцця іх Капацькам у ХХІІІ стагоддзі.

Нягледзячы на тое, што пошукі Капацькі ўвянчаліся поспехам, уся гісторыя мела трагічны канец. Рэч у тым, што, на вялікі для яго жаль, Капацька не спыніўся ў сваіх пошуках на машыне часу – чаго ні ў якім разе рабіць было не варта.

Дык вось, працягваючы свае даследаванні ў архівах, Капацька высветліў, што ўжо ў 2040 годзе запчасткі ад “Беларусаў” выкарыстоўвалі ў якасці чалавечых трансплантантаў, а праз якое дзесяцігоддзе — увогуле:

МТЗ выпусціў 10-мільённую партыю “Беларусаў”, якая і замяніла звычайных людзей. Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №33. Пра стварэнне машыны часу на аснове трактара “Беларус” (працяг)

З(а)мест папярэдняга паста. Вынаходнік-наватар ХХІІІ ст. Флавій Капацька шукае сакрэт машыны часу. Пакапаўшыся ў архівах, навуковец высвятляе, што машына часу ўжо была вынайдзеная ў мінулых стагоддзях. Яму ўдаецца высветліць, што тая машына зробленая на базе аднаго з двух прыстасаванняў: або аўтамата Калашнікава, або трактара “Беларус”.

Не звяртаючы ўвагі на лямант збройнага лобі свайго стагоддзя, якое палка даводзіла, што менавіта аўтамат Калашнікава сам па сабе і ёсць, па сутнасці, машынай часу, якая з бліскавічнай хуткасцю здольная перасунуць любога чалавека ў самы скрайні пункт ягонага жыцця, Флавій Капацька ўсё ж вырашыў спярша паставіць на “Беларуса”. І не памыліўся.

Пасля правядзення спектральнага аналізу, рэнтгену і чытання падшывак часопіса “Вясёлка” за 1982 год вось што высветліў Капацька.

Трактар “Беларус” – эпахальнае вынаходства беларускага народа, якое на колькі стагоддзяў наперад вызначыла ўсю тэхнічную думку крывіцкага этнасу. “МТЗ-80” барануе, жне, засявае. Бульбакапалка, ротарная жатка, касілка і проста цяглавая моц у восемдзесят конскіх сілаў – і ўсё гэта фактычна адзін-адзінюткі механізм. Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць