Архіў: Красавік 2012

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №39, У якім стопудова ўсё вырашыцца

– Так ці інакш, ад Полацка свет пачаўся, а ў Палессі ён завершыцца, – сказала Рагнеда, памахваючы сваім двухручным мачэтэ перад маім носам. – Тут, з самага нізкага пункту краіны, на паверхню ўпершыню выйдзе боршч і пакрысе затопіць усенькую Зямлю.
– Стоп, стоп, прабабуля, пры чым тут уся Зямля? – раптам сказаў я. – Ну, тое, што вы на нашых мужчынаў зуб маеце, я ўжо цудоўна зразумеў, а замежнікаў затапляць за што? Яны ж, з пэўнымі агаворкамі, не вінаватыя.
– Помста за тое, што… – тут Рагнеда раптам запнулася.
Яна няўцямна перавяла вочы з нас на сваіх сябровак. Пад яе позіркам Еўфрасіння пачала даставаць з вока нейкую няісную парушынку. Чорная Панна зірнула на свае празрыстыя чаравікі. Рагнеда відавочна мулялася. Мы пакутліва чакалі.
– …За тое, што… – голас Рагнеды канчаткова перасекся.
– …за тое, што яны вас, нашых мужыкоў, абражалі! – выпаліла за яе мая ўнучка Еўфрасіння.
Мы стаялі збянтэжаныя, а казала ўжо Чорная Панна Нясвіжа:
– Як цяпер у вачах стаіць, як замежнікі пальцам паказвалі: “Вось, глядзіце на бесталковых і бесхрыбетных беларусаў!..
Мы па-ранейшаму маўчалі.
– Яны, можа, і не казалі нічога благога пра беларусак, толькі пра вас, мужчын, – дадала Соф’я Гальшанская, – але гэта чамусьці было так… так… крыўдна…
Зноў запанавала паўза. Баян паскроб ключамі ад машыны часу за вухам. Я ў одуме паператвараўся ў ваўка і назад.
– Дык я не магу зразумець, дзяўчаты, вы супраць нас ці за? – урэшце запытаў заяц. – І самае галоўнае: вельмі цікава, будзеце вы рабіць сусветны патоп ці спусціце на тармазах боршч бедным?
– Ат! – выпаліла Рагнеда і, адвярнуўшыся, махнула рукой.
– Не-не, прабабуля, пачакай… – заўпінаўся цяпер ужо я.
Рагнеда паспрабавала зрабіць суворыя вочы і нават размахнулася мачэтэ, але знянацку абмякла. Мачэтэ грукнулася ля саменькіх маіх ног. Падрабязней…
Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №38, у якім, магчыма, усё і вырашыцца

Пасля прамовы Рагнеды запанавала ціша.

– Ваў, – урэшце вымавіў заяц. – Я, здаецца ведаю, што буду есці падчас доўгай ядравай зімы.

Еўфрасіння кісла ўсміхнулася.

– О не, спадар заяц, – сказала яна. – Ты моцна памыляешся. Боршч, які сядзяць і вараць нашы жанчыны – не НЗ Апакаліпсісу, боршч і ёсць Апакаліпсіс. Пякучы і пякельны. Безбярэжны і бязлітасны. Пунсовы, як кроў, наварысты, як лава.

І прыпячатала:

– Боршч жаночага гневу!

Мы знерухомелі, ашаломленыя. Рагнеда дадала:

– Запомніце, помста – гэта страва, якую падаюць гарачай, і яна ўжо даўно пастаўленая на агонь і кіпіць у зямной кары. Цяпер, у 2012-м, пасля тысячагоддзя варкі падземныя рэзервуары Герадотава мора амаль паўнюткія – нам трэба яшчэ літаральна пара месяцаў, каб той боршч нашага гневу магутным струменем выплюхнуўся на зямное аблічча і ўчыніў усясветны патоп.

Яна дастала з-за пазухі драўляны апалонік і памахала ім на манер сцяга:

– Бо ў ідэале нашая мэта – пачатак новай цывілізацыі, дзе ўсё па-нармальнаму і па-жаночаму, без пакрыўджаных хлопчыкаў і іх забойчых цацак. І забудзьцеся, шаноўныя мужчыны, што, маўляў, кожнай пачвары па пары, бо пачвараў, то бок вас, мы пакідаем за бортам Ноевага каўчэга! Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць