Блог Усяслава Чарадзея. Пост №40, у якім аўтар блога клянецца мамай і таткам, што ўсё канчаткова вырашыцца
– Проста разумееце, за гэтае тысячагоддзе, калі вы ані разочку нас не пусцілі на гэтую вашую кактэйль-вечарыну, у нас назапасілася столькі прыгожых сукняў! – перарвала доўгую паўзу Чорная Панна.
– І ўсё? – прамовіў ашаломлены заяц.
– А што, мала? – здзівілася Чорная Панна. – Гэта ж не абы-якое прыніжэнне! Калі адбывалася святкаванне якой-небудзь векапомнай падзеі ці нейкай перамогі ў чарговай палітычнай інтрызе – скулля нам кактэйль-вечарына! І Бона Сфорца, і, зразумелая рэч, Соф’я Гальшанская крыўдавалі на гэта, я ўжо не кажу пра Рагнеду і Еўфрасінню Полацкую, якія сапраўды амаль не кіравалі краінай ды стаялі за дзяржаўнымі рашэннямі і пастановамі.
І дадала:
– Бо часам, ведаеце, так хочацца змяніць шэрую мантыю кардынала на чорную вечаровую сукню!
– А твая атручальніца, каралева Бона Сфорца, за якімі рашэннямі стаяла, акрамя твайго атручэння, дазволь дазнацца? – з’едліва спытаў Чорную Панну заяц.
Чорная Панна перасмыкнулася, але знайшла годны адказ:
– А калі б не Бона Сфорца на высокіх пасадах, вы б ніколі не даведаліся, што такое кава.
– Кава – гэта сур’ёзна і цягне на культурны ўнёсак, папахвае асветніцтвам, гуманізмам і мае вялікае цывілізацыйнае значэнне – без яе мужчыны б з ложку не змаглі ўстаць і не зрабілі б сваіх эпахальных учынкаў, – прымірэнча сказаў я Чорнай Панне. – І на нас, прынамсі, на мяне і зайца, кава моцна паўплывала.
Але дзяўчаты, самае галоўнае, – дадаў тут я, – што ўсё яшчэ можна выправіць, і мы ўсе не загінем, няхай і прыемнай для вас, смерцю сярод баршчу…
І ўсміхнуўся так прыязна, як толькі можа ўсміхацца мужчына, якога раздзірае чалавеча-звярыная дваістасць і княская дылема: пакараць смерцю або памілаваць.