Рубрыка: Блог Усяслава Чарадзея

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №32. Пра стварэнне машыны часу на аснове трактара “Беларус”

Шмат хто перакананы, што машына часу працуе па нейкіх фантастычных прынцыпах. І, можа, таму ў мастацкай літаратуры і кінематографе панадзіліся рабіць яе ў форме вядзьмарскага катла з прымацаванымі да таго катла шматлікімі празрыстымі трубачкамі, якія бязладна вытыркаюцца ва ўсе бакі. Палічыўшы, што гэтага недастаткова, пісьменнікі і кінематаграфісты ў дадатак аснашчаюць машыну часу зіхоткімі лямпачкамі-катафотамі ды нікеляванай цэнтрыфугай, з якой раз-пораз валіць густая пара.

Дык вось, мушу заявіць: сапраўдная машына часу не выглядае як плод любові самагоннага апарату з роварам “Арлёнак”. Далібог не! Насамрэч машына часу, працуючы на простых як шасцярэнька прынцыпах рухавіка ўнутранага спалення і пасавай перадачы (плюс невялічкія нанатэхналогіі і лёгкія ўдасканаленні формы задніх брызгавікоў), мае выгляд трактара “МТЗ-80”. Адзінае, што лучыць сапраўдную машыну часу з яе выявамі ў фантастычных творах, – гэта, пэўна, клубы пары: часам яны сапраўды вырываюцца з сапсаванага радыятара машыны часу, якая раптоўна загрузла дзе-небудзь пасярод голага поля беларускай гісторыі ХІХ стагоддзя, скажам, на шырокай мяжы пасля выхаду “Дудкі беларускай” Францішка Багушэвіча і перад паўставаннем нашаніўскага асяродка.

Дык вось, вынаходства машыны часу – асобная гісторыя, цікавая і павучальная адначасова.

У ХХІІІ стагоддзі вынаходнік-наватар Флавій Капацька, замест таго каб далучацца да даўжэзнага спісу няўдахаў, якія за сваю кар’еру так і не здолелі адшукаць прынцып дзеяння машыны часу (за выняткам тых шчасліўцаў, што перакваліфікаваліся ў распрацоўшчыкі вечнага рухавіка), зрабіў дзёрзкае дапушчэнне, што старадаўнія цывілізацыі (па вялікім рахунку, мудрэйшыя і прасунуцейшыя за ягоную) ужо колісь, яшчэ даўней, напэўна, вынайшлі ўсе нашыя вынаходствы, і сярод іх, мусіць, туліцца і time machine. Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №31, у якім Чарадзей зведвае фантомныя болі

Выйшаўшы з паседжання рады былых валадароў па перадухіленні канца свету, дзе атрымаў прачуханку за тое, што ў справаздачы пра ХVIII стагоддзе назваў Суворава “нашым слаўным палкаводцам”, я сутыкнуўся з новай сакратаркай, Чорнай Паннай Нясвіжа. Ну, не тое каб сутыкнуўся – проста Панна, безуважна гледзячы некуды ў далячынь, прашкандыбала проста скрозь мяне.

І нават нягледзячы на тое, што істота яна бясплотная, я ўсё роўна адчуў пэўны кантакт.

У прывідаў гэта называецца фантомнымі болямі. У адрозненне ад людскога фантомнага болю (калі чалавеку шчыміць орган, якога больш няма), у саміх фантомаў фантомны боль абазначае з’яву крыху іншага кшталту. Дык вось, паводле фантомаў, фантомны боль – гэта боль ад сутыкнення з фантомам. І той боль, натуральна, адчувае не сам наляцелы на вас прывід (пасля смерці ён робіцца абсалютна неадчувальнай істотай), а вы самі, калі сутыкаецеся з фантомам у доўгіх калідорах замкаў або, як у маім выпадку, пасярод офіснага калідора будынка на Бернардынскай вуліцы.

І мушу вас запэўніць: гэтыя сутыкненні з фантомамі часам бываюць досыць адчувальныя.

“Чаму ж гэта так? Яны ж здані бясплотныя”, – скажаце вы. Падрабязней…

Адзін каментар Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №30. Вясёлага Новага апакаліпсісу!

Кароткі змест папярэдняга паста. Усяслаў Чарадзей са сваім сябрам зайцам вядуць следства і вылічваюць, хто ў беларускай гісторыі хоча яе заўчаснага завяршэння. Сябрам ужо вядома, як усё скончыцца: у 2017 усе беларусы да апошняга патруцяцца дранікамі на пагулянцы з нагоды пяцігоддзя канца свету, які здарыцца, як вядома, у 2012.

– А навошта мы, зая, увогуле шукаем віноўніка? – запытаў я. – Можа, лепей перадухіліць сам канец?

– Немэтазгодна, – адказаў заяц. – Ну што ты можаш зрабіць, каб перадухіліць канец свету? Ну, добра, з грахом напапалам ты, Усярукі Чакрадзей, ужыўшы ўсю сваю магію, вылузнуўшыся з усіх сваіх скураў, загукаўшы ўсіх сваіх уплывовых сяброў з найвышэйшых сфер і іншых вымярэнняў, такі спыніш глабальнае цунамі і сусветныя вывяржэнні вулканаў. Але лапу на сэрца, шэры: аніякі звышасілак у Галактыцы не зможа выдраць у беларуса з рота дранік. Гэта я пра пагулянку з нагоды пяцігоддзя канца свету.

Так што знаходзім завадатара апакаліпсіса і нейтралізуем менавіта яго…

– Ясна. Яшчэ пытанне: адкуль ты ведаеш, што ў канцы свету зацікаўлены найперш хтосьці з Беларусі, а не з іншых краёў?

– Ну, тут нават да вяшчункі не хадзі. Вось у якога іншага народа ўсе канфесіі пагалоўна заложна святкуюць два Божых Нараджэнні, два Божых Уваскрэсенні і ажно тры (25 сакавіка, 3 ліпеня і 27 ліпеня) Дні Незалежнасці? У РБ жа ўсе навукоўцы гуманітарнай сферы, і праўладныя, і апазіцыйныя, толькі тое і робяць, што шукаюць якую гістарычную зачэпку, каб яшчэ адзін дзень на працу не хадзіць. Будзь пэўны, што і ў канцы свету рука Мінска прасочваецца.

Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост калядны, пра канец свету ў 2012 годзе

– Ды Скарыну выгадны канец свету! – закрычаў заяц. – Вось давай, шэры, мысліць лагічна…

Стуль як заяц перацягнуў мяне на працу ў сваё піяр-агенцтва – спакою няма. Вечна палемізуе. Трэба паставіць яго на месца і заадно высветліць, хто плануе канец свету ў 2012 годзе. ПК, ВКЛ, БНР і РБ ратаваць трэба.

Тым часам заяц не сціхаў:

– Факт першы: Скарына дзеля запалохвання насельніцтва першы пераклаў на беларускую мову Біблію з жахлівымі сцэнамі Апакаліпсісу.

– Ну, ведаеш, кожны можа перакласці што яму заманецца. Яны ж літаратары.

– Факт другі, – не сунімаўся заяц. – Каварны Скарына вышукаў сабе месцейка роўненька пасярод тысячагоддзя беларускай гісторыі, каб усё жорстка кантраляваць. Вось адымі ад 1517 года, года выдання скарынаўскага “Псалтыра”, пяцьсот гадоў!

– Згодны, вушасты, маем 1017 год, год майго меркаванага нараджэння. Усё тады і закруцілася: першая незалежнасць, першыя навалы…

Падрабязней…

2 каментара Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №28. Тадэвуш Касцюшка супраць ашмянскіх цётак

– Можа, дзяўчаты, у другую пяцёрку? – млява прапанаваў я. – Там якраз за Касцюшкам месца вызвалілася. Вы ж чаўночніцы, да першай пяцёркі не дацягваеце – бо не для дзяржаўнай карысці працуеце, а для сабе, прыгожых…

– Для сябе? – абурыліся яны. – Ды твой Касцюшка сам гастарбайтарам у Амерыку рвануў, калі яму Сувораў не даў вайсковай справай дома займацца! А мы хоць штодня за мяжу з’язджаем, але заўсёды да вечара вяртаемся. Валюту ў краіну прыносім, між іншага.

…І зноў у мяне на працы крык, лямант – а так усё ціхамірна пачыналася… Пасярод ХV стагоддзя зняў я ўтульны офіс на Бернардынскай вуліцы, ля саменькай Сафіі. Павесіў аб’явы ў СМІ ўсіх часоў, што складаю Топ-5 герояў Беларусі. Каб розныя палкаводцы, валадары дзяржаваў, асветнікі і гуманісты рэзюмэ дасылалі. Не паспеў азірнуцца – цэлы гурт ашмянскіх цётак-чаўночніц на парозе, без усякіх рэзюмэ патрабуе ад мяне немагчымага.

– Але Касцюшка, у адрозненне ад вас, таленавіты палкаводзец, – не здаюся я. – Такія аперацыі ажыццяўляў – хавайся ў бульбу! Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №27. Развал СССР вачыма беларускіх гісторыкаў ХХІІІ ст.

Ну, гэта ўсё паэт Баян вінаваты. Прызначылі яго маім памочнікам па паляпшэнні іміджу нашай краіны. А ён, чалавек творчы, вырашыў падысці да пытання з іншага боку: паглядзець, як гэтую праблему вырашаюць людзі ў будучых стагоддзях. “Там людзі разумнейшыя, шмат чаго ведаюць, шмат якія кнопкі націскаюць, — сказаў ён мне. — Ды апавядуць пра нашу краіну ўсю праўду”.

І што? Вось такую справаздачу мне ўчора даслаў ён з ХХІІІ ст.:

…Існаванне такой краіны, як СССР, якая на цэлых семдзесят чатыры гады ХХ стагоддзя разляглася сваімі запамарочнымі абшарамі, акрамя іншых мясцовасцяў, таксама на полацкіх землях, нарадзіла, шаноўны княжа, у гісторыкаў стагоддзя ўжо дваццаць трэцяга безліч пытанняў.

Напрыклад, праблема развалу Савецкага Саюза, а дакладней існаванне самой фразы “Развал СССР”. Паводле падлікаў навукоўцаў, гэтая фраза настолькі часта сустракаецца ў тагачасных летапісах (на тагачаснай мове — “прэсе”), што паводле частаты згадак на 12 адсоткаў выпярэджвае саму абрэвіятуру “СССР”…

Не абмінулі ўвагай гісторыкі ХХІІІ стагоддзя аўдыё- ды відэалетапісы. Паводле іх, словы “Развал Савецкага Саюза” тагачасныя людзі прамаўлялі ў сярэднім на 0,001 секунды хутчэй, чым уласна спалучэнне “Савецкі Саюз”. Нават нягледзячы на тое, што апошняе карацейшае ажно на чатыры склады.

Згэтуль гісторыкі ХХІІІ стагоддзя зрабілі выснову, што “Развал Савецкага Саюза”, або проста “Развал СССР”, і ёсць больш звыклым словазлучэннем, і менавіта яно было сапраўднай назвай гэтай краіны. Таму правільна трэба казаць “Зборная РСССР па футболе” і “Развал СССР — гарант міру і братэрства”, правільна трэба пісаць “Развальная авіяцыя — самая надзейная авіяцыя ў свеце” і правільна трэба спяваць “Мой адрас не дом і не вуліца, мой адрас — Развал СэСэСэР”.

У процівагу гэтай гіпотэзе, Карнэліюс Ціцька ў сваёй кнізе “Атлантыда, Эльдарада, СССР” (Полацк: выдавецтва “Скарынка”, 2212 год) дапускае, што хутчэй за ўсё РСССР спярша развалілі, а потым заснавалі, з той логікі, што калі саветы казалі пра мір, дык неўзабаве абавязкова ў якую-небудзь краіну збройна ўрываліся, а калі падымалі на шчыт роўнасць і правы народаў, дык зазвычай каго-небудзь з гэтых народаў высылалі туды, дзе Макар цялят не ганяў. “Такім парадкам, — парадаксальным чынам высноўвае К. Ціцька, — савецкія ўлады, кажучы пра заснаванне самай справядлівай краіны ў свеце, развалілі яе яшчэ ў зародку”.

Аднак навуковыя колы ХХІІІ стагоддзя адкінулі гіпотэзу Ціцькі, часткова праз ягонае смешнае імя і прозвішча, а часткова — праз папулярную ў тым стагоддзі Тэорыю Зачараванага Кола (іншая назва — Дзірка-Бублікавая Гіпотэза), паводле якой цягам сваёй кар’еры любы палітык з невядомых гістарычнай навуцы прычын лічыць за гонар адрадзіць (ці на благі канец — разваліць) які-небудзь СССР, і таму гэтую дзяржаву цягам гісторыі ў розных частках планеты і Галактыкі адраджалі (і развальвалі) бясконцую колькасць разоў. З гэтага вынікае, што абсалютна няважна, што было спярша, заснаванне ці развал, бо любому развалу СССР папярэднічала нейкая больш ранняе яго заснаванне, а любому заснаванню — ягоны развал на іншым, больш раннім вітку гісторыі, і часта абсалютна ў іншым сектары Галактыкі. Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №26. Пра пазітыўны імідж нашай краіны

— Дык што, значыцца, “Песня пра ваўкалака”? — перапытаў іміджмэйкер Мікола.
— Ага, — пацвердзіў я. — Вампіры і пярэваратні цяпер руляць. Але цымус у тым, каб чалавек-воўк быў шляхетнага паходжання: скажам, граф. А лепей князь. І імя якое-небудзь таямнічае: граф Дракула ці, скажам, князь… Чарадзей.

З тых часоў, як на вечарыне ў гонар былых валадароў дзяржавы сяброўская рада прызначыла мяне адказным за пазітыўны імідж нашай краіны, спакою няма. Рыскаю па лесе айчыннай гісторыі —шукаю таленты, якія будуць паляпшаць імідж Бацькаўшчыны ў вачах замежнікаў. А ўсе дамарослыя таленты ў нас са сваімі хоцькамі: гэты жадае друкавацца толькі ў Празе, таму пуцёўку ў Крым давай, бач — санеты не напісаныя…
І вось у Познім Рэнесансе, а дакладней у нашым пасольстве ў Рыме, знайшоў я таленавітага хлопца, падняпроўскага іміджмэйкера Міколу. Рэкламны тэкст яму заказваю: каб там акрамя асноўнага сюжэту, легенды пра пярэваратня, які абсалютна для прыліку (яшчэ апявалася для замежнікаў наша цудоўная прырода), і іншыя плюсы: натур-харчаванне, натур-паляванне, культур-баляванне.
—У мяне толькі адна ўмова, княжа, — адказвае мне Мікола. — Напішу я твор пра ваўкалака на лаціне.
— Ты што, — пытаю, — рымскай інквізіцыі не баішся? Яны ж змогуць прачытаць і на кол пасадзяць.
— Я сваёй мамы баюся значна больш, — адказвае Мікола. — Яна ўсё яшчэ думае, што я на медфаку ў Падуі вучуся. А прачытае па-нашаму паэму, даведаецца пра маё паэцтва — дык мне сутарэнні інквізітараў піцэрыяй здадуцца.
— Але родная мова!.. — пачаў быў я.
— На лаціне лепей, — упінаецца іміджмэйкер. — Інакш давялося б перакладчыка на еўрапейскія мовы шукаць, а часу ў нас бракуе — кожны дзень дывідэнды губляем: не ўсе яшчэ замежнікі пераканаліся, якія мы класныя (ў) натуры.

Падрабязней…

Адзін каментар Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №25. Пан Адам, ці Апошні наезд на Міцкевіча

Карацей, пабіліся два Міцкевічы, Адам і Кастусь. Калі на кактэйль-вечарыне ў гонар былых валадароў дзяржавы расійскі імператар Аляксандр ІІІ паведаміў, што два мае землякі б’юцца, я спярша не паверыў – па-расійску ж я разумею слаба, можа, гэты Алекс нешта іншае меў на ўвазе. Але тады расіец паўтарыў па-лацінску. Кінуў я недапіты мёд на барную стойку і кінуўся да машыны часу. Якім іншым разам я б на гэтую бойку проста плюнуў, але толькі не цяпер. Перад іншаземцамі, ведаеце, няёмка, нават калі тыя іншаземцы – нашыя захопнікі.

Прыбягаю – сапраўды непрыемная сцэна бойкі двух, можна сказаць, аднафамільцаў, Адама і Кастуся. І, рыхтуючыся да хука ў Кастусёвае левае вока, Адам гэтак тэатральна мне кідае:

– Пакіньце, пане Усяславе, гэтую спрэчку славян міжсобку.

– Э, не, не пакіну! – загарачыўся я і гайда задзіраў разнімаць. Ледзьве даў рады.

– Што не падзялілі? – пытаюся, задыханы.

Міцкевіч, які Адам, кажа:

– Я тут паэму стварыў, “Пан Тадэвуш, ці Апошні наезд на Літве” – 2 гады, між іншага, працаваў, Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №24, у якім Чарадзей наведвае Жыгімонта Аўгуста

– Вялікі княжа, вы пераблыталі: я не усёмагутны чарадзей, я – Усяслаў Чарадзей, – сказаў я. – І гэта, як кажуць у Херсонскім ханстве, – тут я падняў палец угору, – дзве вялікія розніцы.
Перада мною стаяў, а дакладней лунаў у паветры малады чалавек, што прасвечваўся, быццам тонкая бялясая свечка.
Я дадаў:
– Бо Чарадзей тут – не род заняткаў, а мянушка, фактычна прозвішча. Колькі ўжо мне трэба пазначаць у летапісах для нашчадкаў, што асноўная і адзіная мая праца – кіраваць княствам. Я валадар дзяржавы – такі самы, як і вы, спадар Жыгімонт Аўгуст. Я не нейкі там чарнакніжнік на паўстаўкі. Я тэарэтычна тое-сёе, вядома, у чарадзейнай галіне магу згламэздаць, але на практыцы толькі ў ваўка калі-нікалі ператвараюся. І таму дух вашай жонкі Барбары Радзівіл, не выклічу. Часткова бо не ўмею, а збольшага бо не хачу.
– Але княжа, злітуйся, – нудотным голасам заcкуголіў Жыгімонт і зрабіўся яшчэ больш празрысты, не раўнуючы згустак сіліконавага клею. – Дзе твая салідарнасць? Ты ж таксама нешта кшталту прадстаўніка замагільнага свету.

Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №23, у якім Чарадзей заканчвае расказваць пра кактэйль-вечарыну ў гонар былых валадароў дзяржавы

Як я ўжо казаў, ахова на ўваходзе на кактэйль-вечарыну была няўмольная і пускала толькі намінальных былых валадароў дзяржавы.

Андрэй Грамыка, міністр замежных справаў СССР, замест упрошванняў аховы адразу звярнуўся да арганізатара вечарыны. І пераканаўча давёў, што, можа, і не з’яўляецца кіраўніком Беларусі і ў дадатак аддае перавагу Маскве перад Мінскам, і расейшчыне перад беларушчынай, і акрошцы перад халадніком, але сам з’яўляецца настолькі магутнай фігурай у крамлёўскай іерархіі, што зможа вырашыць лёс усіх кіраўнікоў БССР, аднаго за адным.

І каторы раз арганізатар вечарыны, немалады мужчыны ў акулярах на паўтвару з вельмі тоўстымі шкельцамі, быў няўмольны – толькі валадары. Грамыка паўпінаўся, ужыў ядравую зброю і нават здзейсніў увод абмежаванага вайсковага кантынгенту. Але праз дваццаць хвілін з Заслаўя прыцёгся “жыгуль” з нарадам Ждановіцкага РАУСа. Разагнаўшы дручкамі гэтую “чырвоную пагрозу”, нарад забраў Грамыку ў аддзяленне.

“Як вы можаце адмаўляць мне ва ўваходзе?! Містэр “Не” – гэта я, а не вы!” – крычаў ужо ў камеры КПЗ Андрэй Андрэевіч Грамыка. Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць