Рубрыка: Блог Усяслава Чарадзея

Блог Усяслава Чарадзея. Пост № 22, у якім Чарадзей працягвае расказваць пра кактэйль-вечарыну ў гонар былых уладароў дзяржавы

Як ужо я гаварыў у мінулым пасце, нягледзячы на тое, што алкаголь і цікавыя суразмоўцы-экс-валадары, у адрозненне ад іншых пагулянак, на кактэйль-вечарыне ў гонар былых уладароў дзяржавы не заканчваліся ніколі, усё роўна некаторыя былыя валадары прымудраліся не абмяжоўвацца адной такой вечарынай. Вядомы прыклад вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя, венгра з паходжання, які ўжо досыць падвясёлены на мінскай вечарыне, хапаў пад пахі пляшку гарэлкі “Нёман” і апошні нумар “Гродненскай праўды”, лавіў таксоўку і ехаў на вакзал, каб паспець на начнік “Мінск—Будапешт”, з мэтаю дагнацца на вечарыне ў гонар ужо венгерскіх кіраўнікоў. Усіх, вядома, пераўзышоў Ягайла, які на зайздрасць абому-рабому Міндоўгу і Гедыміну зрабіўся яшчэ і польскім каралём. Іншымі словамі, абзавёўся тытулам, які дазваляў яму за вечар абнікаць ажно тры месцы: Мінск, Вільню і Варшаву. А калі дадаць сюды незлічоную колькасць паралельных светаў, а як вынік – незлічоную колькасць паралельных гісторый Беларусі, і адпаведна – шалёную прорву кактэйль-вечарын для былых валадароў дзяржавы, дык робіцца зразумела, чаму Ягайліха, вядомая ў Кракаве як каралева Ядзвіга, мела ад усяго гэтага вялікае раздражненне і ўрэшце ўвогуле забараніла мужу хадзіць на такія вечарыны, паставіўшы сужонца перад няпростым выбарам: “Alboja, albotacholernaimprezakoktajlowa”. Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №21, у якім Чарадзей расказвае пра кактэйль-вечарыну ў гонар былых валадароў дзяржавы

Мяне часта просяць расказаць падрабязней пра гэтую кактэйль-вечарыну ў гонар былых валадароў дзяржавы, дзе я сустрэў столькі цікавых асобаў. Дык вось, слухайце:

Кактэйль-вечарына ў гонар былых валадароў дзяржавы адбылася ці, дакладней, адбывалася ў новым корпусе часавага-прасторавага кантынууму і нават доўгі час мела вялікую папулярнасць не толькі сярод полацкіх і літоўскіх князёў, але і між урадоўцаў БНР і БССР.

Тут панавала прыязная, дэмакратычная атмасфера, уласцівая людскому калектыву пасля чацвертай чаркі. Сапраўды, тая вечарына суправаджалася дэгустацыяй традыцыйных напояў, такіх як крупнік, збіцень і настойкі “Полаччына пладовая”, а яшчэ — цікавымі размовамі з цікавымі суразмоўцамі. Падрабязней…

Адзін каментар Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №20, у якім Усяслаў Чарадзей робіць намаганні прадухіліць развал СССР і даведваецца пра воўчыя законы гісторыі

Прыбег да мяне паэт Баян з будучыні. Твару няма. “Падгледзеў я ў будучыні, княжа, – галосіць, – як у Белавежскай пушчы трое славянскіх мужчын вялікую імперыю развальваюць! Якая, дарэчы кажучы, і на нашай тэрыторыі разляглася!”.

Я на скорую лапу сабраў воўчую зграю і полк драпежных вавёрак – і гайда па часе і прасторы, імперыю ратаваць. У часе мы якраз хутка дабраліся – селі сабе ў машыну часу і тут як тут, а вось у прасторы – гэта ж сур’ёзней – ад Полацка да Белавежскай пушчы цэлых 600 кэмэ на сваіх чатырох трэба шкандыбаць.

Урэшце я з ляснымі малодшымі братамі (і з языком на плячы) дабег да вёскі Віскулі і ўварваўся ў паляўнічы дамок. Бачу траіх– падбег да самага інтэлігентнага і загырчаў на вуха:

“Не развальвай эСэСэСэРу – ён і наша імперыя таксама!”

– А мы ўжо ўсё развалілі, – радасна адказвае мужчына.

– Як жа так?! У нас жа цяпер не будзе мора, – забедаваў я.

– Ну і што? – абыякава кажа мужчына.

– А тое, што выхад да яго – першая прыкмета нармальнай імперыі, – кажу.

– Ды не пераймайся ты, княжа, – ёсць у нас мора, – гне на свой капыл мужчына, якога іншыя двое мужчынаў Станістлавам Станіслававічам клікалі. – Мінскае называецца.

– Ды ведаю, – адмахнуўся я. – Яно максімум куды выходзіць – гэта ў Вілейскае вадасховішча. Падрабязней…

Адзін каментар Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №19, у якім Усяслаў Чарадзей працягвае сустракаецца з Містэрам “Не” і наносіць удар у адказ

Кароткі змест папярэдняга паста: У калідорах трэцяга паверха часава-прасторавага кантынуума Ўсяслаў Чарадзей сустракаецца з Містэрам “Не”, міністрам замежных справаў СССР Андрэем Грамыкам. Грамыка ганіць знешнюю палітыку Полацкага княства, пакуль Чарадзей збірае сілы для контрудару…

– …А вы, спадар Грамыка, – пацікавіўся я, – у сваіх знешнепалітычных справах ніколі не памыляліся?

– Не, ніколі, – адказаў Містэр “Не”.

– І ніколі не было дылемы, хто добры, а хто – дрэнны?

– Не, не было.

Грамыка

– Цікава, – кажу, – я вось, калі наўгародскія з кіеўскімі міжсобку разбіраліся, усё ніяк не мог вырашыць, хто які. Кагосьці, вядома, з іх аднаго, урэшце, падтрымаеш: наваюешся, нагармідарыш, варожую дружыну на кол пасадзіш, а потым ад згрызотаў сумлення ў княскім ложку круцішся: “А ці правільна я зрабіў усё? Ці, можа, добрыя былі якраз праціўнікі?”

– Зашмат, княжа, думаеш – усё значна прасцей, – адказаў Містэр “Не”. – Рэч у тым, што дабро і праўда выходзяць наверх па прынцыпе выключэння.

– Дык, Містэру “Не”, раскажы пра прынцып! – не вытрымаў я. – Скажам, за каго трэба было ў Афганістане: за крывавых маджахедаў ці бязлітасных наджыбулістаў, ваяваць або каго –Іран ці Ірак – падтрымліваць? Як жа вам, савецкім, гэта ўдавалася – заўсёды ведаць, дзе праўда? Падрабязней…

Адзін каментар Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №18, у якім Усяслаў Чарадзей сустракаецца з Містэрам “Не” і тлумачыць яму полацкую палітыку

Андрэй Грамыка

У калідорах трэцяга паверха часава-прасторавага кантынуума перастрэўся я з дзядком. Стаім, усміхаемся, паціскаем рукі. Пытае ён мяне:

– А вы, таварыш, хто такі? З капіталістычнага ці з сацыялістычнага блоку?

– Я, – кажу я, – не з блокаў, а з плоці і крыві, бо чалавек, хоць і напалову. Усяслаў Чарадзей мяне клічуць, князь полацкі.

– А-а! Гэта вы той, што дэструктыўны падкоп пад вялікую Русь капаў? На Нямізе дырдыганам уздырдыганіўся, сваіх братанічаў Яраславічаў мячом сек…

– Нікуды я не дырдыганіўся, – абурыўся я, – яны першыя пачалі…

І дэталёва патлумачыў яму полацкую палітыку:

– Гэтыя кіеўцы і наўгародцы, хлопцы, вядома, неблагія, але першыя – садысты: усё сіліліся мяне без дай прычыны ў турму на суткі ці нават на месяцы запраторыць, а другія – мазахісты: увесь час даставалі са сваімі прапановамі сталец наўгародскі заняць, нават нягледзячы на тое, што я званы з іхнай Сафіі гвалтам паздымаў і набег на Ноўгарад учыніў.

– Ага, так і ёсць, я ўсё прыгадаў, – усё ніяк не адчэпіцца дзядок. – Гэта ж вы ў часы Кіеўскай Русі праводзілі палітыку валюнтарызму і махровага імперыялізму?

– Чаго, дзеду, прабачце?

– Святая Русь, кажу, вам па барабане была? – на агульназразумелую пераклаў для мяне дзядок. Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №17. Пра недалёкую будучыню і пра тое, што часам чарнілы ≠ атрамант

мяне пастаянна пытаюцца, нашто я блог завёў. Адказваю: бо не давяраю прыдворным літаратарам увогуле і асабіста — паэту Баяну. Часам у прыватным жыцці такое адпаліць, ажно за галаву хапаешся: што ж ты, партач і боўдзіла, у такім разе ў паэмах пішаш? Яшчэ выставіш манаршую асобу перад нашчадкамі драпежным тыранам-недачалавекам…
А яшчэ я блог завёў, бо з некаторых часоў дармавога чарніла ў мяне хоць заліся…
…З чарговай сваёй творчай камандзіроўкі ў паралельныя сусветы і будучыя часіны, дзе шукаў натхнення і таннага алкаголю, заскочыў да мяне зноў жа паэт Баян ды кажа:
— Давай, княжа, чарнілы спажывем, я з аднаго
паралельнага Барысава будучыні скрыню хвацкіх чарніл прынёс…
…—Рарытэт жа, княжа! — не адчапляецца ён. — Тамтэйшыя барысаўцы, якія беларусамі называюцца, тыя чарнілы выпусцілі абмежаваным тыражом. У 1 мільён экзэмпляраў”.
Добра, кажу, атрамант дык атрамант. “А які гатунак спажываць будзем, – не адстае Баян, – “Крыжачок”, “Букет восені” ці “Рагнеду пладовую”? Падрабязней…

2 каментара Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост № 16, у якім Усяслаў Чарадзей суцяшае Пятра Машэрава

На той кактэйль-вечарынцы ў гонар былых валадароў дзяржавы, куды я трапіў пасля таго, як мяне ўсмактала ў часавую варонку праз страту ключоў ад машыны часу, да мяне падвялі чалавека.

“Вось, кажуць, княжа, пазнаёмся – савецкі валадар Пётр Машэраў. У цябе з ім шмат чаго агульнага: ён таксама ў свой час добра-такі па Нямізе прайшоўся. Усю гістарычную забудову зруйнаваў”.

– Рады пазнаёміцца, – кажу.

– Мне дагэтуль за Нямігу сорамна, таварыш князь, – раптам прызнаўся Машэраў і апусціў вочы.

– От, вялікая бяда! Няма чаго саромецца, шаноўны Машэра! Ты ўсяго толькі старую вуліцу разбурыў, а я на Нямізе жывых Яраславічаў на рэпу пасек – і нічога: як бачыш, нармальна маюся. Падрабязней…

12 каментароў Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №15. Пра сустрэчу з Кірылам і Мяфодзіем

Ты слухай, паслухай, таварыш і брат,

Хопіць наперад, падайся назад!

Гэта я такі вершык сачыніў, бо колькі можна па будучыні валэндацца, трэба і па мінулым прашвырнуцца – памяняць сёе-тое, каб потым усім нам выгод і шацунку падваліла.

Скокнуў я на пару стагоддзяў назад, у 863 г., да Кірылы і Мяфодзія: прасіць каб яны ў сваім алфавіце над “у” чупрынку паставілі (і гэтак нам, палачанам, павагу далі).

Братоў-манахаў я заспеў у іх маленькім, 2×2, шрыфт-дызайнерскім офісе: яны толькі што грант ад візантыйскага патрыярха на распрацоўку азбукі атрымалі і нешта насупраць байніцы ўжо крапалі. Паглядзеў Мяфодзій на маё ваўчынае аблічча і кажа: “Я ведаў, што палачане не толькі славяне, але і балты, але цяпер бачу, што яны ў дадатак і асобы валасатай нацыянальнасці”.

– Браты-славяне! – перарваў яго я. – Напрамілы Бог, дайце нам літару “ў” адразу, а то мы яе толькі праз тысячу, у 1860-х, вынайдзем. Яна ж нам пазарэз трэба – адметнасць нашу дэманструе. Падрабязней…

7 каментароў Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост № 14. Пра Чорны Каптурок

Гэта ўсё паэт Баян вінаваты. Прыбыў я ў чарговы час і эпоху. Прыгожа тут: замкі, палацы, вершнікі… Ну, думаю, у казку трапіў. Падыходзіць да мяне літаратар – я па чарцы з мёдам у яго руцэ гэта зразумеў.

Дзе я і хто ты, пытаю.

– Гэта казачная краіна… А я… казачнік… гэты.. французскі… Ш-ш… Шарль… Пяро… П’еро. Ага… І тут, разумееш… трэба ў ролевую гульню пагуляць – маленькую дзяўчынку праглынуць.

– Хто я табе, скуралуп? – запярэчыў я. – Я вегетарыянец і дзяцей глытаць не буду!

– Яшчэ як будзеш, калі дадому хочаш, – як адрэзаў Шарль П’еро. – Бо я адзін ведаю, як табе ў Полацак і ХІ стагоддзе вярнуцца… Паслухай, шэры, усё ж будзе не насамрэч: ты ж потым тую дзяўчынку выплюнуць назад, жывенькую і здаравенькую, зможаш. Мне толькі для натхнення трэба, каб ты яе праглынуў. Каб я з натуры казку напісаў.

Падрабязней…

4 каментара Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост ужо не 12, але яшчэ не 14. Пра сустрэчу Усяслава Чарадзея з Харві Лі Освальдам

Што, Менск?! Гэтая вёска?! І сталіца?! Ад абурэння я ператварыўся ў ваўка і закусіў хвост. Ключы ад машыны часу знайсціся не могуць, я трапляю ў час, дзе мы ў адной дзяржаве з цюркамі, армянамі і эстамі (як такі саюз чыста фізічна ўмагчыміўся, не ўяўляю!), плацім даніну нейкай Маскве, і рыцарскія гербы якіясьці надта крыважэрныя зрабіліся – нават не меч ці булава, а серп і малаток. І ў дадатак сталіца нашага ўдзельнага княства — ужо не Полацак, а дробны Менск. У-у-у!

А галоўны ў іх сказаў:

– Вось глядзіце, таварышы, наглядны прыклад таго, як сярэднявечны феадал, паэксплуатаваўшы ўсмак прыгоннае сялянства, на вачах страчвае людское аблічча.

А потым дадаў:

– Ну, наконт Менска вы, княжа, самі вінаваты. Усё са сваімі братанічамі феадальныя разборкі клеілі на берагах Нямігі, вось прадажныя летапісцы і царкоўныя клерыкалы яго і ўпадабалі, а адурманены народ – за імі: пішчом у той Менск палез. А Полацак? Што яму зробіцца, застаўся – раённы цэнтр, праўда. Дык мы яму Наваполацак у 1958 годзе побач пабудавалі.

Потым галоўны падвёў да мяне чалавека: плюгавенькага, непрыкметнага.

– Вось, княжа, пазнаёмцеся, таксама асоба з іншага свету: наш малады амерыканскі спецыяліст Харві Лі Освальд: добраахвотна жыве ў нашай краіне, працуе на менскім заводзе “Гарызонт”.

Харві Лі Освальд на ўзбярэжжы Свіслачы, непадалёк ад свайго дома

Адным словам, пасябравалі мы з Освальдам, дзве адзіноты з нягэтага свету. Сядзелі ў двухпакаёвых харомах з выглядам на Свіслач: я ў людскім абліччы і гаспадары – Освальд з жонкаю, пілі піва, гаманілі, сышліся на тым, што трэба кожнаму ў свой свет вяртацца, бо тутэйшым гербавым арсеналам, сярпом і малатком, па мазгаўні атрымаць не надта хочацца.

Освальд паказаў сваю калекцыю зброі, расказаў, што любіць на паляванне хадзіць. А я Освальду паказаў усякія стралковыя хітрыкі, напрыклад, як, страляючы, трэба браць у рахубу вецер і рух ахвяры – асабліва калі яна на кані ці якім возе едзе. Адным словам, харошы чалавек мне трапіўся, вельмі ўважлівы. І да валадароў краінаў, хачу заўважаць, у адрозненне ад савецкіх менчукоў, з вялікай павагай ставіцца.

6 каментароў Каментаваць