Рубрыка: Блог Усяслава Чарадзея

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №2

1091 год. Май. Ну, вядома, гэта ўсё татара-мангольскае іга вінаватае. Дружына ж ад страху разбеглася, і жыць у полацкім замку зрабілася вальней. Урэшце адчуў я сябе чалавекам, зажыў адзін у шматпакаёўцы з індывідуальным санвузлом. Падкрэслю, з індывідуальным, а то гібееш у замку, як у інтэрнаце. І яшчэ пры гэтым прыжывальцаў фінансуеш. Гэтаму на уціхамірванне сялянства дай, таму — на новую дыбу падкінь, тым — на культурны слой Полацка адшпілі.

І ўсё было б у маёй гордай адзіноце добра — не, завалілі татара-манголы. Я, вядома, адразу ў ваўка перакінуўся і позу паэфектней прыняў. Але яны кажуць: “Як на нас дык нам пляваць, чалавек ты ці воўк. Мы па даніну прыйшлі і хто нам яе дасць — нам фіялетава. І ўвогуле, мы не татара-манголы, а полаўцы”.

У нармальнай краіне людзі князя на пасад клічуць, а ў нас, у Полацкім княстве, — наадварот: дружыну склікаць з усіх варагаў і грэкаў давялося.

З грахом напапалам расправіўся з полаўцамі, і пабег у лес адпачыць душою і сэрцам. А заяц з мядзведзем навіной сустракаюць: ”Мы ж думалі, цябе полаўцы чвартавалі і па чвэртках у Палату карасям пакрышылі, і мы тут… разумееш… у тваё логавішча сям’ю янотаў-бежанцаў жыць пусцілі”. Ну як тут не заскавытаць на месяц?

П. С. І хто нас гэтак называць прыдумаў? Я што, маляр ці прадавец у “Ваўкалакі і ваўкафарбы”?! Што гэта за “лак” такі?

12 каментароў Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №1

1091 год. Май.
Ну вядома, гэта ўсё заяц вінаваты. “Давай, — падбухторваў мяне, — пакажыся гэтым людзям такім, якім ты ёсць, ваўком”. Я яму адказваю: “Зая, не зразумеюць: 11 стагоддзе ж на дварэ, Сярэднявечча, шмат хто з іх нават ідалам пакланяецца”.

А ён мне на гэта ў сваёй педагагічнай манеры:

“Паганства, шэры, гэта прасунута: нью-эйдж, фолк, блізкасць да глебы, аддаванне перавагі натурпрадуктам”.

І мядзведзь яшчэ, як заўсёды, нічога талковага не сказаў — прароў нешта шматзначнае: “Гэта яшчэ няясна, Славік, ці ты чалавек, які часам ператвараецца ў ваўка, ці воўк, які калі-нікалі бывае чалавекам”. Адным словам, пакуль мядзведзь займаў чакальную пазіцыю, вушасты мяне ўмасліў.

Пераканаў, што сапраўды сваёй дружыне трэба праўду расказаць — хай ведаюць.

Ператварыўся я назад у чалавека і на княжацкі двор — дружына якраз банкетавала. Ну і ўсё ім выклаў пра сваё падпольнае ваўкалацтва. Яны, здаецца, нармальна прынялі — нават зганялі ў горад да перапісчыкаў, і тыя пад прыцэлам дзідаў хутка берасцяную ганаровую грамату нашкрабалі:

“Спадару Усяславу Чарадзею, зверу і чалавеку”.

А даруючы, дружына п’яна ўсміхалася. Ну, думаю, нарэшце прынялі мяне мае людзі такім, якім я ёсць. І думаю, пакажу ім сваё сапраўднае другое аблічча. Поўсць на скуры палезла, з рук кіпці выраслі, пашча выскалілася. І тут абсалютна нечакана для мяне ўсе дружыннікі праз вокны як палезлі і такога ад полацкага замка грандыёзнага драпака задалі — пару з іх нават да Рыгі дапяла (але пацалавалі там прабой, бо яшчэ не заснаваная яна была).

Вярнуўся я, расчараваны, у лес. А там заяц сустракае словамі: “Ну, што ты хочаш? 11 стагоддзе на дварэ, Сярэднявечча, ідалапаклонства”. З’еў бы гэтага крывадушніка, ды не магу, вегетарыянец я. Як чалавек і, што самае страшнае, як воўк таксама.

32 каментара Каментаваць