Блог Язэпа Пара-Леановіча. Запіс №1. Магдэбургскае права

9 чэрвеня 1661

Ледзь разабраўся, як дадаць у пост карцінку. Па шчырасці, я больш звыклы зброяй махаць, чым па клавіятуры грукатаць, да таго ж, у гарадскім магістраце справаў у мяне па горла. Але сярод прасунутых грамадскіх дзеячаў цяпер модна ў інтэрнэце пра сябе пісаць, а хто вам раскажа гісторыю пра гарачыя магілёўскія піражкі, як не я?

Рыцар у браме на малюнку – гэта я і ёсць, Язэп Леановіч, бурмістр Магілёва.

Як той казаў, не кожная птушка далятае да сярэдзіны Дняпра, а я б дадаў, што не кожны бурмістр на герб гораду трапляе *задзірае нос*. А здарылася гэта так.

Калі ў 1654 годзе пайшла Масковія на Рэч Паспалітую вайною, пачалі мы ўмацоўваць горад ды не паспелі, як стала пад Магілёвам варожае войска. Прыстрашылі расейцы спаліць усё начыста, калі не адчынім ім браму, але абяцалі, што не будуць зла аднаверцам чыніць, калі іх самі пусцім. Шляхціц наш мясцовы, сучын сын і траянскі конь Канстанцін Паклонскі, граматай ад маскоўскага цара перад магістратам трос, казаў, што ўсё добра будзе.

Не надта верылася ў іх абяцанні, але не ўбачылі мы іншага выйсця, як браму адчыніць.

Вох, не варта было з ворагамі дамаўляцца! Кветачкамі было тое, што кароль палічыў нашы дзеянні за дзяржаўную здраду і ў пакаранне пазбавіў Магілёў Магдэбурскага права.

Наперадзе нас чакалі ягадкі. За сем гадоў, як чужынцы горад займалі, у мяне палова галавы пасівела.Такое ўражанне было, што ў сваім горадзе мы праводзілі ліцвінска-маскоўскі чэмпіянат па футболе. Адзінае што футбалістаў няма, затое панаехала процьма неінтэлігентных маскоўскіх заўзятараў.

Пачалі госці паводзіць сябе зусім не па-сяброўску: рабаваць, гвалціць да забіваць, а іх жа не сто чалавек ― іх жа блізу сямі тысячаў.

Войскі Рэчы Паспалітай да Магілёва падступаліся, але не змаглі нас вызваліць. Зразумелі мы, што трэба самім ратаваць горад ад чужынцаў, але ж не голымі рукамі гэта рабіць. Трэба было падрыхтавацца. Няхутка здолелі мы сабраць зброю, тым не менш сярод усіх насельнікаў гораду не знайшлося ніводнага здрадніка, які б нас выдаў. На мой загад тыя месцічы, у дамах якіх чужынцы жылі, павыкручвалі ім крэмні са стрэльбаў.

І вось сяджу я неяк у магістраце, што ў ратушы на Гандлёвай плошчы, дакуманты перабіраю ды паглядаю ў акенца. Той парою зіма стаяла, 1 лютага 1661-га. Як цяпер памятаю ― з акна Дняпро пад снегам бачна і плошчу. На плошчы бабці нашыя свежым хлебам ды гарачымі піражкамі гандлююць. Піражкі тыя з капустаю. Я тады яшчэ дзве штукі купіў па дарозе, як у ратушу ішоў.

(Дарэчы, і цяпер, як пост набіраю, таксама піражок ем, ну, але гэта неістотна). Дык вось, чую ― раптам крык, енк! Што такое?! А гэта маскоўцы! Як у іх прынята, грош за піражок пашкадавалі і давай старых крыўдзіць ― раскідалі ім кошыкі з хлебам, брыдкімі словамі кабет лаюць, шаблямі пагражаюць і піражкі, разумееце, піражкі нагамі топчуць. А я ж на гэтых піражках вырас, можна сказаць!

Тут ужо кроў ува мне ўскіпела, слёзы на вочы навярнуліся, схапіў я меч, выскачыў з ратушы і крыкнуў “Пара!” Пахапалі магілёўскія месцічы сабраную зброю і за кароткі час адправілі ўсіх чужынцаў да Абрама на піва.

Вось так вызвалілі мы горад самі. За гэта кароль і вялікі князь літоўскі Ян Казімір вярнуў Магілёву Магдэбурскае права і надаў гораду новы герб, дзе ў адчыненай браме стаю я ў рыцарскіх даспехах з узнятым мячом. Нада мною ― дзяржаўны герб Вялікага Княства Літоўскага, “Пагоня”. Тое таксама вялікі прывілей, бо на гарадскіх гербах дзяржаўных сімвалаў зазвычай не змяшчалі.

Мне асабіста падараваў кароль прыдомак, дадатак да прозвішча. Як крыкнуў я “Пара!”, заклікаўшы да паўстання, то завуся цяпер Язэп Пара-Леановіч.

Так што не толькі ў Вільнях ды Менсках гісторыя робіцца. Дарэчы, калі давядзецца вам спатканне каханаму ці каханай у Менску прызначаць, то прызначайце яго ля фантана на плошчы Незалежнасці, што перад Чырвоным касцёлам. Вакол фантана ўбачыце вялікія выявы гарадскіх гербаў Беларусі, дык і мой партрэт там адшукаеце!

Калі раптам да мяне нейкія пытанні дзелавыя альбо прыватныя, то пішыце мне на адрас:

Рэч Паспалітая, ВКЛ, г. Магілёў, пл. Гандлёвая, ратуша.

Абдымаю, заўжды ваш Язэп Пара-Леановіч, бурмістр магілёўскі.

Адзін каментар

  1. # 12 ліпеня 2011 21:56
    Аўтар: Андрэй Казлоў

    Файна! А чаму Магiлеуцау кулажнiкамi называлi не раскажаце?

Ваш каментар