Блог Язэпа Пара-Леановіча. Запіс №2. Высока сяджу, далёка гляджу

1661
Не дарэмна я ў мінулым допісе свой адрас пакінуў. Атрымаў я ліста ад адной дзяўчыны-магіляўчанкі, якая даслала мне сваё прыгожае фота і здымкі майго працоўнага месца, магілёўскай ратушы, за розныя часы. Дзякуй табе, дзяўчынанька!

Вось жа якая ратуша ў Магілёве цяпер, каменная.

А гэта папярэдні будынак, да Другой сусветнай (!) вайны. І ўявіць мне гэта страшна. Як гэта: вайна ― ды на ўвесь свет.

А гэта падчас вайны… Балюча мне глядзець на гэтыя здымкі, нібыта на сябра параненага.

Пашкоджаную ў вайну ратушу так і не адрамантавалі, а ў 1957 годзе падарвалі ― так напісала мне ў лісце вашая сучасніца.
Сучасны мне будынак, дзе наш магістрат збіраецца, таксама слаўны, хоць і драўляны. Але гісторыя ў яго забаўная.
Жончын дзед за чаркай расказваў, што ў 1577 годзе дасталі магілёўцы Магдэбургскага права ад вялікага князя і праз год пачалі ўзводзіць ратушу. І вось быццам, калі першую ратушу ў Магілёве пабудавалі, зладзілі магілёўцы свята ― піва наварылі, мёду. А ратуша вазьмі ды абваліся ў той самы дзень! Што ты будзеш рабіць… Пачалі новую ратушу ўзводзіць ― а тая крывая выйшла, што Пізанская вежа! Тады ўжо войт, за тымі часамі Мікалай Войцахавіч Ясенскі, раззлаваўся ды строга забараніў будаўнікам на пушачны стрэл да карчмы падыходзіць, пакуль нармальную ратушу не збудуюць.
На гэтым допіс свой заканчваю, бо неўзабаве паседжанне рады будзе. Баюся, каб не заспелі мяне калегі за ноўтбукам, бо не знасіць мне тады галавы! Суайчыннікі мае такой шайтан-машыны не ведаюць ― лягчэй лёгкага могуць мяне за вядзьмарства містру, або, па-простаму, кату аддаць!

Застаюся ваш, Язэп Пара-Леановіч, бурмістр магілёўскі.

3 каментара

  1. # 28 чэрвеня 2011 20:32
    Аўтар: Мікола Яленскі

    а вось наша вёска ніколі горадам не была. ні ратушы табе, ні магдэбургскага права. але жыццё змяняецца ;)

  2. # 06 ліпеня 2011 20:09
    Аўтар: Uladzimir

    Усё мяркую аднаўляецца нанава, безумоўна калі чалавек-грамадзянін, жыхар горада ці вёскі напрыклад, жаданне мае на гэткае аднаўленне, спадзяваюсь беларусы сваімі намаганнямі яшчэ шмат чаго адбудуюць і адрэстаўруюць!
    Пан Язэп а вось калега ваш па вандроўках у часе, здаецца не вельмі хаваецца ад сваіх суайчыннікаў, уявіце воўк які штосці там піша сваімі ваўчынымі лапамі на так званай шайтан-машыне, дзіўная карціна.

  3. # 06 ліпеня 2011 20:25
    Аўтар: Язэп Пара-Леановіч

    Ну то Чарадзей, яму можна і лапамі – рэпутацыя дазваляе. Ён і з зайцамі сяброўства водзіць.

    А калі ў мяне лапы вырастуць, то жонка прытомнасць згубіць можа. А тут яшчэ машынка нейкая чарнакніжная…

Ваш каментар