Блог Язэпа Пара-Леановіча. Запіс №3. Хвілінка бюракратыі

Божа мой, такая навальніца на дварэ, неба над Магілёвам ажно разломваецца, калі маланкі. Немагчыма ні на чым засяродзіцца. Асабліва на бюракратыі, асабліва мне. Са зброяй я спрытней упраўляюся, калі хто з першага допісу памятае.

З іншага боку, чым ворагаў сячы, лепей ужо займацца мірнымі гаспадарчымі справамі.

Пасля працы люблю дадому пайсці, жонку прылашчыць ці па куфлі мёду з сябрамі выпіць. Сёння вось пісару ў ратушы дапамагаў у фінансавых справах. А на вечар дамовіліся з Мікітам-лаўнікам у карчме пасядзець, а то за працай свету белага не бачыш. Хоць бы дождж хутчэй скончыўся, ды зямля падсохла, каб ботамі бруд не мясіць!

Мікіта цяпер у сенцах, засядае ў лаве на чале з лентвойтам. Гэта ў нас надоечы злачынства здарылася: памочнік купца Шчацініна Лаўр пачаў з купцовай супружніцай Марынай лямуры круціць. А калі муж даведаўся, дык з жончыным палюбоўнікам пабіўся. Лаўр памаладзей будзе, дык і натоўк дабрадзейніку свайму ў рэбры і вуха яму адкусіў, не раўнуючы Майк Тайсан.

Да сёння паскуднік у склепе сядзеў, што пад ратушай, чакаў выраку. Мяркую, што прызначыць яму лава пакараннем таксама пазбаўленне вуха. А і не шкада. Купцу вось цяпер як? І абняслаўлены, і без вуха.

Гэта значыць, лава ў нас крымінальныя справы разглядае, калі ў горадзе забойства здарыцца ці калецтва каму хто ўчыніць.

А рада з некалькіх бурмістраў ды радцаў штодзённымі справамі займаецца. Разам рада і лава складаюць магістрат, кіраўніцтва гораду. Над намі толькі войт, які ў Магілёве амаль не бывае, ды лентвойт, які яго замяшчае.

Абіраюць у магістрат толькі людзей аселых, паважаных і не маладзейшых за 25 гадоў. Во такіх, як я. У канцы года мусіць бурмістр за сваю працу справаздачу перад радай трымаць.

Штогод склад магістрата змяняецца, каб кіраўнікі ў свае пасады карані не пускалі.

На гэтай бюракратычнай ноце сёння развітваюся, бо чую ― на першым паверсе гамонка. Пэўна, лава разыходзіцца. Таксама і навальніца суцішылася, а значыцца, я выпраўляюся ў карчму, па-вашаму — у клуб.

Як людзі паспалітыя кажуць, see you soon!

Заўжды ваш, Язэп Пара-Леановіч, бурмістр магілёўскі.

Ваш каментар