Блог Язэпа Пара-Леановіча. Запіс №4. Пра мясцовы характар

Я тут было ў гарадскую бібліятэку запісаўся, кніжак пачытаць браў. (Толькі не пытайцеся, як патрапіў. Сам у шоку!) А харошыя кніжкі ў вас ёсць. Асабліва я Караткевіча ўпадабаў, піша так, што зачытаешся, і нібыта сам усё на свае вочы бачыў. У яго і пра Магілёў багата.

“Горад увесь праваслаўны, багаты і ганарлівы, муры каменныя, купалы залатыя, валы, равы, вежы. А людзі ― хоць у сані запрагай, такія біцюгі”, ― гэтак напісаў Караткевіч пра горад і гараджан нашых у кніжцы “Сівая легенда”. Сказаў як звязаў ― такія і ёсць.

А яшчэ хітругі. Гэта ўжо я вам засведчу. За прадзедамі, як людзі кажуць, замак у Магілёве цалкам драўляны быў, але магілёўцы фарбавалі яго вапнай. І вандроўныя, хто міма ехаў, дзівіліся ды захапляліся “каменным замкам” нашым. Вядома, не толькі дзеля прыкрасы ўсё рабілася, як у вашыя часы заведзена, а каб вораг на горад не квапіўся!

І, між іншым, калі толькі сярод мясцовых не знаходзілася здраднікаў, чужынцы і драўляны замак ані разу не ўзялі.

Таксама і рашучыя нашы людзі. Мяркую, магдэбургскае права на характар месцічаў паўплывала ― прызвычаіліся жыхары Магілёва самі свой лёс вырашаць. Што не па іх ― тое цярпець не будуць.Скажам, было такое, што не спадабаўся наскім гараджанам святар царквы Святой Тройцы. “Надта пыхлівы, ― магілёўцы сказалі, ― нам такога не трэба”. А то, калі ў бацькі майго яшчэ вусы не выраслі, паўсталі было людзі супраць багацеяў мясцовых, бо тыя раду мескую паміж сабой абіралі і падаткі збіралі як ім заманецца. Іншым разам мо апавяду, што тады магілёўцы зрабілі, бо гісторыя цікавая.

А пакуль яшчэ пайду пачытаю, бо заўтра кнігі назад вяртаць!

Застаюся ваш, Язэп Пара-Леановіч, бурмістр магілёўскі.

4 каментара

  1. # 14 ліпеня 2011 10:38
    Аўтар: вечаровая зарніца

    здаецца, наблыталі трошкі з блогамі.

  2. # 16 ліпеня 2011 11:09
    Аўтар: Андрэй

    Да, называецца, дзе маёнтак, дзе вада. Каратквеча нейкага прыплёў, кніжкі нейкія, мясцовы характар. Характар у магілёўцаў такі – насцы ў глаза, скажуць бож’я раса. І ня думаю, што ў тыя часы быў іншы. Проста відаць ужо зусім іх там прыціснула, землі жэрлі, відаць.

    • # 14 жніўня 2011 15:54
      Аўтар: Galina

      “Нейкага” Караткевіча!?

      • # 15 жніўня 2011 13:23
        Аўтар: Злы беларус

        Во, пра што Вам і гаварылі. Вам кажуць “насцы ў глаза”, а Вы ў адказ “Нейкага Караткевіча!?” Гэта сур’ёзная тэма для абмеркаваньня)))

Ваш каментар