Блог Язэпа Пара-Леановіча. Запіс №6. Галоўнае – не сварыцца

Хух, мінулы раз ледзь паспеў нэтбук за спіну схаваць, каб жонка не ўбачыла. І сяджу так, нібыта задумаўшыся над праблемамі гаспадарчымі, патыліцу чухаю. Жонка паглядзела на мяне, паўсміхалася ― здаецца, нічога не западозрыла.

Дык вось жа, працягваю аповед, што мінулы раз пачаў.

Гэта я расказаў быў, як рамеснік Стахор Мітковіч з сябрукамі супраць карумпаванага магілёўскага магістрату паўстаў.

Войт жа магілёўскі Яраш Валовіч, калі пачуў, што ў народзе хваляванні, даслаў у горад шляхетных паноў Мацея Сухадольскага ды Хрызастома Сіярскага, каб яны бунтаўнікоў супакоілі, локшыны ім на вушы навешалі. Але народ на казкі паноўскія не павёўся.

Замест мясцовых багацеяў абралі месцічы дванаццаць паспалітых, каб тыя вырашалі ўсе гарадскія справы. У кіраўніцтва гораду бурмістрам увайшоў нават Хадко Багдановіч, які ўвогуле быў чалавек вандроўны, не магілёвец.

Ясная справа, войт такія пірагі не ўпадабаў, бо ў старым магістраце сядзелі ягоныя людзі (вы ўжо выбачайце, што кожнага разу ў допісах пірагі згадваю, але і тут яны дарэчы!).

Што вы думаеце, паўстанне паўстаннем, а злачынным радцам нават па карку ніхто добра не даў, проста адлучылі іх ад кіраўніцтва і ўсё. Дык тыя адразу ж са скаргай ― да войта. А той выдаў дэкрэт: уладу аддаць старой радзе, а хто не падпарадкуецца — таму штраф. Але магілёўцы рогам уперліся ― нам і так няблага. Маўляў, каціся, войт, каўбасой.

Два гады трымалася ў Магілёве народная ўлада, кароль Жыгімонт ІІІ у той час на Маскву хадзіў, і войска было занятае. Таму ўлады паспрабавалі хітрасцю магілёўцаў узяць: перасварыць новы магістрат. І частка новай рады ўсё-ткі падпісала “ўгодлівы ліст”. Пагадзіліся, значыць, дабыць звычайны тэрмін і перадаць кіраўніцтва старой радзе. Больш за ўсіх Хадко Багдановіч пацярпеў ― павесілі яго, гаротнага, як самага ўпартага з бунтаўнікоў.

Вось пісаў я, пісаў, і зусім настрой у мяне сапсаваўся. Як жа гэта так? Дзяржава супраць народу? Няможна так, не па-людску.

А гэтыя што?.. І каралю, кадук яго вазьмі, можна было паказаць, на чым свіння хвост носіць, але толькі разам. Галоўнае ― не сварыцца.

Усё, пайду зараз кілішак сабе налью ды вып’ю за Багдановіча. Мо трохі супакоюся.

Заўтра ў сямнаццатым стагоддзі інтэрнэт адключаюць, дык вы мне наземнай поштай пішыце, не забывайце. Будзьма разам! Мой адрас ― у першым допісе.

І не сварыцеся.

Застаюся ваш, Язэп Пара-Леановіч, бурмістр магілёўскі.

Ваш каментар