Блог Усяслава Чарадзея. Пост № 22, у якім Чарадзей працягвае расказваць пра кактэйль-вечарыну ў гонар былых уладароў дзяржавы
Як ужо я гаварыў у мінулым пасце, нягледзячы на тое, што алкаголь і цікавыя суразмоўцы-экс-валадары, у адрозненне ад іншых пагулянак, на кактэйль-вечарыне ў гонар былых уладароў дзяржавы не заканчваліся ніколі, усё роўна некаторыя былыя валадары прымудраліся не абмяжоўвацца адной такой вечарынай. Вядомы прыклад вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя, венгра з паходжання, які ўжо досыць падвясёлены на мінскай вечарыне, хапаў пад пахі пляшку гарэлкі “Нёман” і апошні нумар “Гродненскай праўды”, лавіў таксоўку і ехаў на вакзал, каб паспець на начнік “Мінск—Будапешт”, з мэтаю дагнацца на вечарыне ў гонар ужо венгерскіх кіраўнікоў. Усіх, вядома, пераўзышоў Ягайла, які на зайздрасць абому-рабому Міндоўгу і Гедыміну зрабіўся яшчэ і польскім каралём. Іншымі словамі, абзавёўся тытулам, які дазваляў яму за вечар абнікаць ажно тры месцы: Мінск, Вільню і Варшаву. А калі дадаць сюды незлічоную колькасць паралельных светаў, а як вынік – незлічоную колькасць паралельных гісторый Беларусі, і адпаведна – шалёную прорву кактэйль-вечарын для былых валадароў дзяржавы, дык робіцца зразумела, чаму Ягайліха, вядомая ў Кракаве як каралева Ядзвіга, мела ад усяго гэтага вялікае раздражненне і ўрэшце ўвогуле забараніла мужу хадзіць на такія вечарыны, паставіўшы сужонца перад няпростым выбарам: “Alboja, albotacholernaimprezakoktajlowa”. Падрабязней…