Блог Язэпа Пара-Леановіча. Запіс №3. Хвілінка бюракратыі

Божа мой, такая навальніца на дварэ, неба над Магілёвам ажно разломваецца, калі маланкі. Немагчыма ні на чым засяродзіцца. Асабліва на бюракратыі, асабліва мне. Са зброяй я спрытней упраўляюся, калі хто з першага допісу памятае.

З іншага боку, чым ворагаў сячы, лепей ужо займацца мірнымі гаспадарчымі справамі.

Пасля працы люблю дадому пайсці, жонку прылашчыць ці па куфлі мёду з сябрамі выпіць. Сёння вось пісару ў ратушы дапамагаў у фінансавых справах. А на вечар дамовіліся з Мікітам-лаўнікам у карчме пасядзець, а то за працай свету белага не бачыш. Хоць бы дождж хутчэй скончыўся, ды зямля падсохла, каб ботамі бруд не мясіць! Падрабязней…

Каментароў няма Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №12. Пра заснаванне Вільні

Гэта ўсё машына часу вінаватая. Паваліў з яе чорны дым, прыборная дошка расплавілася, ключы запалення з адтуліны вываліліся — і замест маіх любых адраджэнскіх часоў трапіў я ў абсалютна нязнаную эпоху. Носам ветру — па-ранейшаму тут Сярэднявечча і цемрашальства. І проста цемра, бо ноч. На ўсякі выпадак у ваўка перакінуўся і яшчэ зверху кальчугу надзеў, бо, думаю, дзе Сярэднявечча, там і ножычкам пырнуць могуць.

Гляджу, пасярод пушчы мужык на гары спіць — сны бачыць. Побач тур забіты ляжыць і чэлядзь стомленая пасля палявання храпе. Пачаў мужыка катурхаць. “Дзе ключы ад машыны часу?” — пытаюся.

Ён мяне ўбачыў ды як пачаў гарлаць:

— Жалезная ваўчыца, жалезная ваўчыца!

Ну які я жалезны? Звычайны ваўкалак, з плоці і крыві. Проста на мне, чалавеча, тлумачу я мужчыну-крыкуну, кальчуга… І які я ваўчыца?.. Ты ж уважліва, без нерваў, прыглядзіся. Асабліва ў гэтым месцы.

А ён сваё: “Жалезная ваўчыца, гэта знак, як тады з Рымам было, горад трэба будаваць!” Падрабязней…

2 каментара Каментаваць

Блог Язэпа Пара-Леановіча. Запіс №2. Высока сяджу, далёка гляджу

1661
Не дарэмна я ў мінулым допісе свой адрас пакінуў. Атрымаў я ліста ад адной дзяўчыны-магіляўчанкі, якая даслала мне сваё прыгожае фота і здымкі майго працоўнага месца, магілёўскай ратушы, за розныя часы. Дзякуй табе, дзяўчынанька!

Вось жа якая ратуша ў Магілёве цяпер, каменная.

А гэта папярэдні будынак, да Другой сусветнай (!) вайны. І ўявіць мне гэта страшна. Як гэта: вайна ― ды на ўвесь свет.

Падрабязней…

3 каментара Каментаваць

Зміцер Саўка. Праўда адной шостай часткі беларусаў

Кожны беларус добра ведае, што такое братэрства. Гэтак жа добра знаёмы сэнс слова “братство” і кожнаму рускаму, гэтак жа і немцу не трэба тлумачыць, што такое “bruderschaft”. Непаразуменні звычайна пачынаюцца вакол словазлучэння “братэрскія могілкі”, якое кожны імкнецца патлумачыць на свой капыл і знайсці ў ім сваю праўду. Для мільёна беларусаў – прыкладна адной шостай часткі нацыі на свой час – праўду гэтую добра ведаюць яны. Старажоўскія могілкі на варце вякоў.

Пра тое, што агульнага ў месца, дзе развітаўся з жыццём галоўны габрэй СССР Міхоэлс і нарадзіўся выбітны пралетарскі паэт Андрэй Александровіч, і той шлях, які пераадолелі нашыя продкі амаль сто гадоў таму праз жаданне жыць у незалежнай Беларусі, – сённяшні аповед Змітра Саўкі.

Адзін каментар Каментаваць

Унутраная электрычнасць Святланы Бень

“Свяціцца ад шчасця”, “згараць ад нянавісці”, “спапяляць позіркам”, – часта кажам мы, не звяртаючы вялікай увагі на тое, якімі сродкамі і чаму мы імкнемся апісаць унутраны стан чалавека.

Магчыма, што “ўнутраная электрычнасць” так бы і заставалася проста прыгожай фразай, але ў 1892-м годзе таемнае сталася яўным і, зафіксаванае назаўжды фотапласцінай, легла на паліцы гісторыі.

Розніцу паміж акустыкай тэорыі і электрычнасцю рэальнага жыцця лепш за ўсіх ведаюць музыкі. Менавіта таму сённяшні падарунак усім гасцям блогу BudzmaTUT – аповед пра прафесара са складаным прозвішчам, электраграфію і каляровыя блікі вакол людзей ад актрысы і спявачкі Святланы Бень.



Каментароў няма Каментаваць

Блог Язэпа Пара-Леановіча. Запіс №1. Магдэбургскае права

9 чэрвеня 1661

Ледзь разабраўся, як дадаць у пост карцінку. Па шчырасці, я больш звыклы зброяй махаць, чым па клавіятуры грукатаць, да таго ж, у гарадскім магістраце справаў у мяне па горла. Але сярод прасунутых грамадскіх дзеячаў цяпер модна ў інтэрнэце пра сябе пісаць, а хто вам раскажа гісторыю пра гарачыя магілёўскія піражкі, як не я?

Рыцар у браме на малюнку – гэта я і ёсць, Язэп Леановіч, бурмістр Магілёва.

Як той казаў, не кожная птушка далятае да сярэдзіны Дняпра, а я б дадаў, што не кожны бурмістр на герб гораду трапляе *задзірае нос*. А здарылася гэта так.

Калі ў 1654 годзе пайшла Масковія на Рэч Паспалітую вайною, пачалі мы ўмацоўваць горад ды не паспелі, як стала пад Магілёвам варожае войска. Прыстрашылі расейцы спаліць усё начыста, калі не адчынім ім браму, але абяцалі, што не будуць зла аднаверцам чыніць, калі іх самі пусцім. Шляхціц наш мясцовы, сучын сын і траянскі конь Канстанцін Паклонскі, граматай ад маскоўскага цара перад магістратам трос, казаў, што ўсё добра будзе.

Не надта верылася ў іх абяцанні, але не ўбачылі мы іншага выйсця, як браму адчыніць. Падрабязней…

Адзін каментар Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №11. Пра аўтарскія правы на Сафійскі сабор.

Вядома, гэта ўсё мая празмерная мудрасць вінаватая.

Замежныя старцы ды  малапісьменныя інакі (скарочана – СМІ) пачалі распускаць чуткі, што я, маўляў, для сваіх патрэбаў скраў, маўляў, чарцёж Сафійскага сабору з Канстанцінопалю і пабудаваў чужое як сваё.  Я, нібыта, парушальнік, нібыта, аўтарскіх правоў, злодзей і паўтарака.

Плач Ераміі

Плач Ераміі аб Ерусаліме. Гравюра з выдання Францішка Скарыны

Паехаў я ў Кіеў і там, у тым Кіеве, на чарговым з’ездзе князёў-уладальнікаў Сафійскіх сабораў, якіх нахабна абылгалі,  прамову ціскануў.

Пачаў здалёк: “Вось возьмем напрыклад тых жа мусульман. Чаму ў іх жонак некалькі? Не таму што адна жонка рады не дае. Як мы ведаем на сваім хрысціянскім прыкладзе адной жонкі аж занадта. Тут іншая рэч: у адной жонкі можа характар сапсавацца ці яна ў студню ўваліцца, ці здрадзіць урэшце. І тады як быць? Вось таму і трэба парачку жонак на запас мецека.

…Тое самае і з храмамі. Вось што рабіць калі канстанцінопальскую Сафію мусульмане  барані Божа захочуць у мячэт перабудаваць, ці якому князю намуляе перайначыць яе на замак у заморскім стылі, ці ў музей, або ў іншае абы-што? І тады, дзе скажаце агменю культуры і светачу хрысціянства туліцца?

– Мы зараз нічога не зразумелі, да чаго хіліш, вайны хочаш? – пытаюць князі-уладальнікі.

Ды не, адказваю, не хачу, а прапаную вам, мае абылганыя сябры, называць нашы свежапабудаваныя полацкую

полацкую (1030-1060 гг.), наўгародскую (1045-1050) і кіеўскую Сафіі (1017-1037)

РЭЗЕРВНЫМІ КОПІЯМІ.

…Адным словам, насілі мяне на тым з’ездзе на руках і нават у астрог, як вядзецца ў кіеўцаў, не запраторылі.

Вярнуўся я да сваіх у лес, адсвяткаваць паспяховы саміт. Гляджу ў маім начальніцкім логвішчы леў пасяліўся. “Зая, што за цырк?” –пытаюся.

– Хто? – нібыта недачуў Заяц. – Гэты леў? Ну, ты ж… ты ж у Кіеў паехаў, а ў іх традыцыя цябе ці ў астрог пхаць ці катлету па-кіеўску з цябе рабіць, дык мы падумалі… падумалі і завялі сабе рэзервную копію.

5 каментароў Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост №10. Пра сустрэчу Чарадзея з пісьменнікам Уладзімірам Арловым

Чэрвень. 1065 год.
Гэта ўсё пісьменнік Уладзімір Арлоў са сваімі “Таямніцамі полацкай гісторыі” вінаваты. У мяне ўсё пытаюць, чаму я без дай прычыны на Ноўгарад і Пскоў у 65-м пайшоў — яны ж нам, маўляў, саюзнікамі былі. Заяўляю уголас і публічна: “Прычына усё ж была, і імя ёй — Уладзімір Арлоў”.

Панадзіўся адзін чалавек да мяне ў сон цягацца і патрабаваць: “Схадзі ды схадзі, спадару князь, на наўгародцаў. І потым на пскоўцаў яшчэ!”

Я яму кажу: “Шаноўны, я не ведаю хто вы такі, і чаму вы заклікаеце ваяваць, але я супраць”.

А ён становіцца ў позу — нагадваю, дзеянне адбываецца ў маім уласным сне! — і кажа:

— Як гэта хто?! Я — Уладзімір Арлоў.

— Я ведаў, — кажу яму, — аднаго Уладзіміра, Уладзіміра Краснага Сонейка, дык гэты экс-паганец хоць і хрысціў Кіеў, але потым узяў наш Полацак і сілком ажаніўся з дачкой мясцовага кіраўніка, Рагнедай, маёй прабабкай.

— Князі і князёўны сыходзяць і прыходзяць, — адказаў Уладзімір Арлоў, — а мы, пісьменнікі, існуем у вечнасці і працуем дзеля яе. Вось таму я ў вечнасці цяпер і знаходжуся, з табой гутарку вяду.

— Спадар пісьменнік, вы не ў вечнасці, вы ў маім сне, — нагадаў яму я.

— Гэта не прынцыпова, — кажа Арлоў. — Сама галоўнае, каб ты схадзіў з мячом на Ноўгарад і Пскоў. Бо я ўжо ў сваёй кнізе пра цябе напісаў, удзячныя водгукі чытачоў атрымаў, ганарар мне заплацілі. І як не прыйдзеш — у людзей настрой упадзе, зняверацца ў сваіх сілах. А каму гэта трэба? Так што давай, дуй на Ноўгарад! Потым па маім плане трэба яшчэ кіеўскі пасад заняць. І т.д. і да т.п.

Я з ім трохі пагадзіўся — схадзіў з мячом на Ноўгарад і Пскоў, але далей пастанавіў не слухацца. Паклікаў сваю ўнучку і кажу:

— Прадславачка, Еўфрасіннечка, ужо і не ведаю, як цябе клікаць, адным словам, унучачка, напрамілы Бог не ідзі ў манастыр, не рабіся святой і не давай загадаў адліваць свой суперкрыж, каб дзядзьку Арлову з будучыні не патураць з яго кніжкамі! Хай чухае патыліцу, пра што яму цяпер у “Таямніцах полацкай гісторыі” пісаць.

2 каментара Каментаваць

Блог Усяслава Чарадзея. Пост № 9. Май 1060. Пра (сярэдня)вечную паліткарэктнасць

Прыбег учора заяц і давай сваю ўлюбёную тэму прасоўваць: маўляў, навокал ХІ стагоддзе, пагалоўнае цемрашальства і дзікунства, а ты, шэры, павінен з гэтага ўсяго выкараскацца і народ за сабою пацягнуць. Я кажу яму: “Зая, я ж ужо Сафійскі сабор пабудаваў, агмень культуры і светач хрысціянства. Трыццаць гадоў на будоўлі жылы цягнуў”. А ён мне, маўляў, аднаго культавага збудавання – замала. Трэба, каб пагалоўная пісьменнасць, асвета, каб кнігі…

– …Дык у мяне ў асабістым кнігазборы ўжо дзве ёсць, – кажу.

– Трэцюю купляй!

– Не, – кажу, – ведаеш, колькі гэтая рукапісная кніга цяпер, у часы пагалоўнага цемрашальства і дзікунства, каштуе? Мне прасцей другую Сафію адляскаць. А што? І па сродках, і мне поўны фэншуй: дзве кнігі ў кнігазборы, дзве Сафіі ў Полацку, два павешаныя полаўцы на брамах.

– Ты сваю сафістыку кінь, – кажа заяц, – трэба адукоўвацца. Пачынай з самога сябе: выражайся культурна, паліткарэктна…

– Як-як?

– Паліткарэктна, – кажа заяц. – Гэта калі ты кажаш не “павесіў полаўцаў”, а “прыпыніў людское існаванне метадам гвалтоўнай асфіксіі”, і не полаўцы, а “асобы качэўнай нацыянальнасці”, ці проста “асобы без акрэсленага месца жыхарства”, БАМЖы. Дапяў?

– Не.

– Ну, памятаеш, ты з Яраславічамі на Нямізе счапіўся?

– Ну…

– “…Як Нямігі крывавыя берагі засеяны касцямі рускіх сыноў”. Што я сказаў?

– Нешта вельмі эфектнае і летапіснае…

– Гэта я ў паліткарэктным ключы апавёў, як ты з іншымі князямі-братанічамі не падзяліў удзельную тэрыторыю і ўчыніў той прыкры несімпатычны разбор проста на вуліцах Менска!

– Але зая! – запратэставаў я. – У тваіх словах усё неяк узнёсла было!..

А заяц мне:

– Запомні, шэры: паліткарэктнасць – не для таго, каб сказаць праўду ці ўнесці яснасць. Паліткарэктнасць – гэта такі старадаўні спосаб пераканаць нашчадкаў, што ты быў прыстойны і культурны кіраўнік. Не тое што іншыя валадары-галаварэзы… Увогуле, нават і самі летапісы ды сагі можна яшчэ больш абкультурваць. Давай вось ты. Як будзе па-паліткарэктнаму:

Кладуць на Нямізе снапамі,
Упокат галовамі сцелюць,
Малоцяць цяжкімі цапамі
І веюць душу ад цела…?

Пачухаў я сваю кашлатую патыліцу і пакрысе выдаў:

Кладуць на Нямізе
снапамі –
дажынкі ў разгары.
Малоціць інавацыйная
сельгастэхніка –
І вее душэўнай цеплатою.

– Песня, балада і рыцарскі эпас адначасова! – ухваліў заяц. – За нашчадкамі, шэры, не заржавее.

26 каментароў Каментаваць

Як перажыць валютны крызіс – метад беларускай шляхты

Ёсць меркаванне, што крызіс прыйшоў да нас з Усходу, ёсць меркаванне, што з Захаду. У любыя часы і пры любой уладзе эліта краіны ведала, як застацца на плыву ў нялёгкі час. Беларуская шляхта здолела пранесці свае каштоўнасці праз стагоддзі да нашых дзён, і ўнікальная скрыня жыццёвай мудрасці і шматвяковага досведу сёння дасяжная кожнаму з нас.

Асноўная беларуская нацыянальная валюта – гэта значна больш чым грошы. Пра сваю ўнікальную калекцыю перлін беларускасці расказвае Ягор Сурскі. Ад усходу да захаду…

Падрабязней…

8 каментароў Каментаваць