Блог Усяслава Чарадзея. Пост №10. Пра сустрэчу Чарадзея з пісьменнікам Уладзімірам Арловым

Чэрвень. 1065 год.
Гэта ўсё пісьменнік Уладзімір Арлоў са сваімі “Таямніцамі полацкай гісторыі” вінаваты. У мяне ўсё пытаюць, чаму я без дай прычыны на Ноўгарад і Пскоў у 65-м пайшоў — яны ж нам, маўляў, саюзнікамі былі. Заяўляю уголас і публічна: “Прычына усё ж была, і імя ёй — Уладзімір Арлоў”.

Панадзіўся адзін чалавек да мяне ў сон цягацца і патрабаваць: “Схадзі ды схадзі, спадару князь, на наўгародцаў. І потым на пскоўцаў яшчэ!”

Я яму кажу: “Шаноўны, я не ведаю хто вы такі, і чаму вы заклікаеце ваяваць, але я супраць”.

А ён становіцца ў позу — нагадваю, дзеянне адбываецца ў маім уласным сне! — і кажа:

— Як гэта хто?! Я — Уладзімір Арлоў.

— Я ведаў, — кажу яму, — аднаго Уладзіміра, Уладзіміра Краснага Сонейка, дык гэты экс-паганец хоць і хрысціў Кіеў, але потым узяў наш Полацак і сілком ажаніўся з дачкой мясцовага кіраўніка, Рагнедай, маёй прабабкай.

— Князі і князёўны сыходзяць і прыходзяць, — адказаў Уладзімір Арлоў, — а мы, пісьменнікі, існуем у вечнасці і працуем дзеля яе. Вось таму я ў вечнасці цяпер і знаходжуся, з табой гутарку вяду.

— Спадар пісьменнік, вы не ў вечнасці, вы ў маім сне, — нагадаў яму я.

— Гэта не прынцыпова, — кажа Арлоў. — Сама галоўнае, каб ты схадзіў з мячом на Ноўгарад і Пскоў. Бо я ўжо ў сваёй кнізе пра цябе напісаў, удзячныя водгукі чытачоў атрымаў, ганарар мне заплацілі. І як не прыйдзеш — у людзей настрой упадзе, зняверацца ў сваіх сілах. А каму гэта трэба? Так што давай, дуй на Ноўгарад! Потым па маім плане трэба яшчэ кіеўскі пасад заняць. І т.д. і да т.п.

Я з ім трохі пагадзіўся — схадзіў з мячом на Ноўгарад і Пскоў, але далей пастанавіў не слухацца. Паклікаў сваю ўнучку і кажу:

— Прадславачка, Еўфрасіннечка, ужо і не ведаю, як цябе клікаць, адным словам, унучачка, напрамілы Бог не ідзі ў манастыр, не рабіся святой і не давай загадаў адліваць свой суперкрыж, каб дзядзьку Арлову з будучыні не патураць з яго кніжкамі! Хай чухае патыліцу, пра што яму цяпер у “Таямніцах полацкай гісторыі” пісаць.

2 каментара

  1. # 10 чэрвеня 2011 12:34
    Аўтар: Uladzimir

    Вось як уласна і выглядае машына часу, вучоныя а працягу стагодзяў ламаюць галаву што ж рабіць і як быць і як хоць маленечкую дзірачку пракалупаць у гэтай часовай прасторы, я у нас ужо ў адзінаццатым стагодзі Князь, хай сабе і Чарадзей праз уласныя сны у 21-ае стагодзе лётаў і нічога. Цікава, а заяц таксама валодае гэткага кшталту тэхнікай вандровак у часе, мабыць таму і адукаваны такі, грыўні Ерусалімскія вырабряе і Князя розуму вучыць, парады дае.

    • # 27 чэрвеня 2011 15:44
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей

      Машына часу старшная рэч – неўзабаве чытайце мой новы пост: паехаў я на пару стагоддзяў наперад…

Ваш каментар