Блог Усяслава Чарадзея. Пост №11. Пра аўтарскія правы на Сафійскі сабор.

Вядома, гэта ўсё мая празмерная мудрасць вінаватая.

Замежныя старцы ды  малапісьменныя інакі (скарочана – СМІ) пачалі распускаць чуткі, што я, маўляў, для сваіх патрэбаў скраў, маўляў, чарцёж Сафійскага сабору з Канстанцінопалю і пабудаваў чужое як сваё.  Я, нібыта, парушальнік, нібыта, аўтарскіх правоў, злодзей і паўтарака.

Плач Ераміі

Плач Ераміі аб Ерусаліме. Гравюра з выдання Францішка Скарыны

Паехаў я ў Кіеў і там, у тым Кіеве, на чарговым з’ездзе князёў-уладальнікаў Сафійскіх сабораў, якіх нахабна абылгалі,  прамову ціскануў.

Пачаў здалёк: “Вось возьмем напрыклад тых жа мусульман. Чаму ў іх жонак некалькі? Не таму што адна жонка рады не дае. Як мы ведаем на сваім хрысціянскім прыкладзе адной жонкі аж занадта. Тут іншая рэч: у адной жонкі можа характар сапсавацца ці яна ў студню ўваліцца, ці здрадзіць урэшце. І тады як быць? Вось таму і трэба парачку жонак на запас мецека.

…Тое самае і з храмамі. Вось што рабіць калі канстанцінопальскую Сафію мусульмане  барані Божа захочуць у мячэт перабудаваць, ці якому князю намуляе перайначыць яе на замак у заморскім стылі, ці ў музей, або ў іншае абы-што? І тады, дзе скажаце агменю культуры і светачу хрысціянства туліцца?

– Мы зараз нічога не зразумелі, да чаго хіліш, вайны хочаш? – пытаюць князі-уладальнікі.

Ды не, адказваю, не хачу, а прапаную вам, мае абылганыя сябры, называць нашы свежапабудаваныя полацкую

полацкую (1030-1060 гг.), наўгародскую (1045-1050) і кіеўскую Сафіі (1017-1037)

РЭЗЕРВНЫМІ КОПІЯМІ.

…Адным словам, насілі мяне на тым з’ездзе на руках і нават у астрог, як вядзецца ў кіеўцаў, не запраторылі.

Вярнуўся я да сваіх у лес, адсвяткаваць паспяховы саміт. Гляджу ў маім начальніцкім логвішчы леў пасяліўся. “Зая, што за цырк?” –пытаюся.

– Хто? – нібыта недачуў Заяц. – Гэты леў? Ну, ты ж… ты ж у Кіеў паехаў, а ў іх традыцыя цябе ці ў астрог пхаць ці катлету па-кіеўску з цябе рабіць, дык мы падумалі… падумалі і завялі сабе рэзервную копію.

5 каментароў

  1. # 15 чэрвеня 2011 11:09
    Аўтар: Uladzimir

    Глядзі Княжа каб копій гэтых, львоў ды леапардаў занадты не стала, так мажліва дайці і да каляровых рэвалюцый.

    • # 27 чэрвеня 2011 15:40
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей

      калі будуць леапарды, дык рэвалюцыі будуць не каляровыя, а плямістыя

  2. # 17 чэрвеня 2011 19:10
    Аўтар: nondatur

    чорт, а я-та думала катлета па-кіеўску з куры… прыйдзецца болей не есць – я таксама вегетарыянка))

    • # 27 чэрвеня 2011 15:42
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей

      Катлеты па-кіеўску павінны быць зроблены ў Кіеве, усё астатняе – свабодны выбар кухара.

  3. # 21 чэрвеня 2011 9:59
    Аўтар: anonymous

    у канцы памылка – “завялі сабе”, а не “сябе”
    (каментар можна не выдаваць)

    Дзякуем, паправілі.

Ваш каментар