Блог Усяслава Чарадзея. Пост №12. Пра заснаванне Вільні

Гэта ўсё машына часу вінаватая. Паваліў з яе чорны дым, прыборная дошка расплавілася, ключы запалення з адтуліны вываліліся — і замест маіх любых адраджэнскіх часоў трапіў я ў абсалютна нязнаную эпоху. Носам ветру — па-ранейшаму тут Сярэднявечча і цемрашальства. І проста цемра, бо ноч. На ўсякі выпадак у ваўка перакінуўся і яшчэ зверху кальчугу надзеў, бо, думаю, дзе Сярэднявечча, там і ножычкам пырнуць могуць.

Гляджу, пасярод пушчы мужык на гары спіць — сны бачыць. Побач тур забіты ляжыць і чэлядзь стомленая пасля палявання храпе. Пачаў мужыка катурхаць. “Дзе ключы ад машыны часу?” — пытаюся.

Ён мяне ўбачыў ды як пачаў гарлаць:

— Жалезная ваўчыца, жалезная ваўчыца!

Ну які я жалезны? Звычайны ваўкалак, з плоці і крыві. Проста на мне, чалавеча, тлумачу я мужчыну-крыкуну, кальчуга… І які я ваўчыца?.. Ты ж уважліва, без нерваў, прыглядзіся. Асабліва ў гэтым месцы.

А ён сваё: “Жалезная ваўчыца, гэта знак, як тады з Рымам было, горад трэба будаваць!”

— Я што, на лаціне якой размаўляю? — зароў я, нібыта сто ваўкоў. — Дзе, шчэ раз пытаю, ключы ад машыны часу?

Тут ужо чэлядзь з вешчунамі паганскімі падляцела: “О, Гедыміне! О, гэты вешчы сон! О, гэтая жалезная ваўчыца, што раве, як сто ваўкоў! О, працы падваліла, о, інвестыцый падваліла, о, сталіцу з бізнэс-сіці будаваць тут будзем!

— Хлопцы і ты, Гедымін, — кажу, — гэта не вешчы сон, а панурая рэальнасць — ключы ад машыны часу згубленыя, вы спасярод дзікай пушчы і ніводзін інвестар у ваш праект па ўзвядзенні сталіцы з бізнэс-цэнтрамі ў такой глухмені ані грывенькі не адшпіліць”.

— А як праектаваны сіці, о, ваўчыца, назваць? — не адстаюць вешчуны.

– The city will not be built, – адказаў я гэтым аматарам усяго заморскага таксама не нашай фразай, якая ў перакладзе азначае “гэты горад не будзе пабудаваны”.

– О, Wilno-cіці, о, Вільня-места, цудоўнае імя для новай сталіцы, о, будзе пабудавана, о, працы паболела, о, новых працоўных месцаў падваліла! – заверашчалі вешчуны зноў.

Што тут паробіш? Перакінуўшыся ў чалавека, пабег я ў лес ключы ад машыны часу шукаць.

2 каментара

  1. # 06 ліпеня 2011 20:17
    Аўтар: Uladzimir

    Цікава дзе гэта наш княжэ яшчэ лётаў, і што ў чалавечай гісторыі пабудавана і здейсненна было з дапамогай хай не благой і наўмыснай нашага героя.

    • # 07 ліпеня 2011 11:06
      Аўтар: Заяц

      Ён у працэсе, і што ячшэ натоврыць аднаму Ярыле вядома. Калі шчыра, дык задзяўбаў сваімі палётам, хоць бы дадому вярнуўся. Я яму піва зварыў

Ваш каментар