Блог Усяслава Чарадзея. Пост № 14. Пра Чорны Каптурок

Гэта ўсё паэт Баян вінаваты. Прыбыў я ў чарговы час і эпоху. Прыгожа тут: замкі, палацы, вершнікі… Ну, думаю, у казку трапіў. Падыходзіць да мяне літаратар – я па чарцы з мёдам у яго руцэ гэта зразумеў.

Дзе я і хто ты, пытаю.

– Гэта казачная краіна… А я… казачнік… гэты.. французскі… Ш-ш… Шарль… Пяро… П’еро. Ага… І тут, разумееш… трэба ў ролевую гульню пагуляць – маленькую дзяўчынку праглынуць.

– Хто я табе, скуралуп? – запярэчыў я. – Я вегетарыянец і дзяцей глытаць не буду!

– Яшчэ як будзеш, калі дадому хочаш, – як адрэзаў Шарль П’еро. – Бо я адзін ведаю, як табе ў Полацак і ХІ стагоддзе вярнуцца… Паслухай, шэры, усё ж будзе не насамрэч: ты ж потым тую дзяўчынку выплюнуць назад, жывенькую і здаравенькую, зможаш. Мне толькі для натхнення трэба, каб ты яе праглынуў. Каб я з натуры казку напісаў.

Што паробіш – надзеў я бабчын сарафан, пысу ваўчыную коўдрай прыкрыў. І неўзабаве сапраўды завітала дзяўчынка.

– Унучачка-ўнучачка, а чаму ў цябе каптурок чорны? – пытаю.

– Тут, бабка, пытанні задаю я, – кажа дзяўчынка. – Бабуля-бабуля, а чаму ў цябе такія вялікія зубы?..

Потым, вядома, уламіліся мужыкі, разрэзалі мне жывот, выпусцілі Чорнага Каптурка на волю. І толькі тады, пры святле іхных паходняў, я заўважыў, што сяджу я ў Полацку, у сваім родным ХІ ст., і ніякай казачнай краіны няма, а дзяўчынка, якую я праглынуў, – сапраўды мая ўнучка, Еўфрасіння. А каптурок чорны, бо манашка.

– Фросечка, унучачка, гэта ўсё Шарль П’еро вінаваты! – праз боль прамармытаў я прабачэнні.

– Які яшчэ Пяро? Гэта наш паэт Баян чарговы здзек з людзей чыніць! – адказала Еўфрасіння. – Натхнення шукае. Далібог, княжа, забраў бы ты яго на якую сечу, на Нямігу ці ў палавецкія стэпы – з натуры паэмы пісаць, а то ён тут, у Полацку, са сваімі ролевымі гульнямі усім страшна абрыдзеў.

…Калі шчыра, дык уся гэтая сітуацыя з праглынаннем толькі дадала да маёй воўка-чалавечай дваістасці галаўнога болю і параноі. Бо хто я ўрэшце – любячы дзед ці ненажэрная бабка?

4 каментара

  1. # 16 ліпеня 2011 11:04
    Аўтар: Андрэй

    Дзіўна, такі пост, а ніводнага камента няма. Ніхто ўжо не чытае ці што?

    А што адносна топіку, скажу так. Што-та эротыкі мала. Трэба было падрабязней пра Чырвоны Каптурок і адносіны зь ім.

  2. # 16 ліпеня 2011 19:55
    Аўтар: вечаровая зарніца

    Не, напэўна, чытаюць. Такое нельга не чытаць )) Але, ў мяне, напрыклад, пасьля такога сэансу сьмеха ўжо сіл не хапае каб нават падзякаваць.
    А блог – цудоўны. Я ганаруся тым, што аўтар – мой суайчыньнік!

    • # 17 ліпеня 2011 22:56
      Аўтар: Андрэй

      дык напісалі б аўтару падзяку.
      дый што там, аўтару падзяку – запрасілі б аўтара, пасядзець, выпіць, у наш час ён яшчэ не забіраўся. тым больш на вечаровую зарніцу

  3. # 23 ліпеня 2011 0:10
    Аўтар: Вераніка

    Канешне чытаем!
    Цудоўныя прыгоды, цудоўна напісана. Закахалася ў полацкага князя шчэ больш.)
    Наогул, вельмі прыемна, што развіваецца міфалагізацыя беларускіх персанажаў. На мой погляд, гэта вельмі карысна для зацікаўленасці да нацыянальнага, гісторыі… Тым больш што міфалагемы найцудоўныя.)

    Дыялогі, выніковыя пытанні… “Бо хто я ўрэшце – любячы дзед ці ненажэрная бабка?” – файна!

Ваш каментар