Блог Усяслава Чарадзея. Пост №15. Пра сустрэчу з Кірылам і Мяфодзіем

Ты слухай, паслухай, таварыш і брат,

Хопіць наперад, падайся назад!

Гэта я такі вершык сачыніў, бо колькі можна па будучыні валэндацца, трэба і па мінулым прашвырнуцца – памяняць сёе-тое, каб потым усім нам выгод і шацунку падваліла.

Скокнуў я на пару стагоддзяў назад, у 863 г., да Кірылы і Мяфодзія: прасіць каб яны ў сваім алфавіце над “у” чупрынку паставілі (і гэтак нам, палачанам, павагу далі).

Братоў-манахаў я заспеў у іх маленькім, 2×2, шрыфт-дызайнерскім офісе: яны толькі што грант ад візантыйскага патрыярха на распрацоўку азбукі атрымалі і нешта насупраць байніцы ўжо крапалі. Паглядзеў Мяфодзій на маё ваўчынае аблічча і кажа: “Я ведаў, што палачане не толькі славяне, але і балты, але цяпер бачу, што яны ў дадатак і асобы валасатай нацыянальнасці”.

– Браты-славяне! – перарваў яго я. – Напрамілы Бог, дайце нам літару “ў” адразу, а то мы яе толькі праз тысячу, у 1860-х, вынайдзем. Яна ж нам пазарэз трэба – адметнасць нашу дэманструе.

Кірыла кажа:

– А ну, палачанін, каб мы ўбачылі тваю патрэбу, паўкай!

– Ў-ў, – заскавытаў я. – Ў-ў-ў!.. Зусім без мазгоЎ: ПайшоЎ, убачыЎ, папіЎ кроЎ!

– Непераканаўча, – кажа Мяфодзій.

– Браты-балгары! – заблагаў ужо я. – Дайце “ў” – страх як хочацца свайго, непаўторнага, адметнага.

– Разумееш, палачанін, – кажа Кірыла, – мы дзяржзамову ад візантыйскага патрыярха атрымалі – зрабіць азбуку для ўсіх без выключэння славян. І што гэта будзе, калі адзін славянін замест “и” будзе “і” пісаць? Ці другому славяніну над усімі тымі “ї” па другой кропцы расставіць захочацца, або ён “є” ва ўсе бакі круціць стане? Ці трэці нахаба ўвогуле na lacinski šryft piarojdzie? Дзе ж тады адзінству славянскаму быць?

– Ну толькі не трэба фанатычнымі шрыфт-дызайнерамі прыкідвацца! – абурыўся я. – Вы ж самі ад грэкаў процьму літар прысабечылі, а “ш” і “ц” увогуле з іўрыту сцягнулі!

І, ператварыўшыся ў чалавека, збег я на чатырыста пяцьдзясят гадоў назад да Месропа Маштоца, дызайнера армянскага алфавіту. Бо, можа, і нам, палачанам, якога-небудзь такога-разгэтакага алфавіта згламэздаць?

Ինչեքկարծում?

П.С. Гугл-транслэйт вам у помач

7 каментароў

  1. # 23 ліпеня 2011 0:27
    Аўтар: вечаровая зарніца

    Спадар аўтар! Вялікі вам дзякуй. Гэта насамрэч цудоўнейшае з усіх цудаў. Як добра, што на нашай беларускай зямлі шчэ жывуць такія людзі! Аж дых перахапіла ад гонару. Зараз выбухну.

    • # 24 ліпеня 2011 19:40
      Аўтар: Андрэй

      Там, ніжэй, гэта я ў Вас пытаўся. Гэта Вы сур’ёзна напісалі?

  2. # 24 ліпеня 2011 19:39
    Аўтар: Андрэй

    Вы гэта сур’ёзна напісалі?

    • # 24 ліпеня 2011 23:52
      Аўтар: вечаровая зарніца

      пра выбух? Сур’ёзней не бывае )) пакуль трымаюся, але шчэ некалькі такіх постаў і паляцяць шматочкі.

      • # 15 жніўня 2011 11:34
        Аўтар: Усяслаў Чарадзей

        Усё сур’ёзна. Вось колькі літар павінна быць у нашым алфавіце. Па-харошаму?

        • # 15 жніўня 2011 12:42
          Аўтар: Андрэй

          дый нармальны ў нас алфавіт. ну так некалькі касметычных правак можна зрабіць. для дж, дз па літары, дзьве розныя літары для г. а так нармальна. а ну і літару ы перадаваць праз и

      • # 15 жніўня 2011 12:40
        Аўтар: Андрэй

        добра, што папярэдзілі. адбягаю

Ваш каментар