Блог Усяслава Чарадзея. Пост №19, у якім Усяслаў Чарадзей працягвае сустракаецца з Містэрам “Не” і наносіць удар у адказ

Кароткі змест папярэдняга паста: У калідорах трэцяга паверха часава-прасторавага кантынуума Ўсяслаў Чарадзей сустракаецца з Містэрам “Не”, міністрам замежных справаў СССР Андрэем Грамыкам. Грамыка ганіць знешнюю палітыку Полацкага княства, пакуль Чарадзей збірае сілы для контрудару…

– …А вы, спадар Грамыка, – пацікавіўся я, – у сваіх знешнепалітычных справах ніколі не памыляліся?

– Не, ніколі, – адказаў Містэр “Не”.

– І ніколі не было дылемы, хто добры, а хто – дрэнны?

– Не, не было.

Грамыка

– Цікава, – кажу, – я вось, калі наўгародскія з кіеўскімі міжсобку разбіраліся, усё ніяк не мог вырашыць, хто які. Кагосьці, вядома, з іх аднаго, урэшце, падтрымаеш: наваюешся, нагармідарыш, варожую дружыну на кол пасадзіш, а потым ад згрызотаў сумлення ў княскім ложку круцішся: “А ці правільна я зрабіў усё? Ці, можа, добрыя былі якраз праціўнікі?”

– Зашмат, княжа, думаеш – усё значна прасцей, – адказаў Містэр “Не”. – Рэч у тым, што дабро і праўда выходзяць наверх па прынцыпе выключэння.

– Дык, Містэру “Не”, раскажы пра прынцып! – не вытрымаў я. – Скажам, за каго трэба было ў Афганістане: за крывавых маджахедаў ці бязлітасных наджыбулістаў, ваяваць або каго –Іран ці Ірак – падтрымліваць? Як жа вам, савецкім, гэта ўдавалася – заўсёды ведаць, дзе праўда?

– Ну, як-як, – кажа Містэр “Не”, – Як рэпу грызці. Заходзім, значыцца, у якую краіну, з верталётамі і гарнізонамі, і адразу аглядаемся: за чый бок амерыканцы? А паколькі, як мы ўсе цудоўна ведаем, што яны заўсёды ліхі, памылковы бок падтрымаюць, значыць трэба хіліцца да процілеглага лагеру.

– Так проста? – здзівіўся я. – А калі з авіяцыяй і гарнізонамі вы ўваходзіце ў якую-небудзь краіну адначасова з амерыканцамі?

– Тады хаваешся: сядзеш сабе з авіяцыяй і гарнізонамі за барханам – назіраеш, у якім кірунку пашкандыбалі штатаўцы. А потым шмыг – у адваротны бок.

– Лоўка. А калі яны засталіся за барханамі самі, покуль у краіну вы ўварваліся?

– Тады… – тут вочы Містэра “Не” зрабіліся глыбокія і каламутныя, як воды ягонай роднай рэчкі Бесядзь. – Добра, скажу табе, земляку, усю праўду… Тады мы становімся паміж варожымі войскамі… якраз пасярэдзіне… паварочваемся да іх абодвух анфасам… і ўжываем нашу звышсакрэтную зброю, супернадзейную распрацоўку савецкіх навукоўцаў – стратэгічную лічылку: “Раз, два, тры, чатыры, пяць, выйшаў зайчык пагуляць”. І гэтак, зноў жа метадам выключэння, вылічваем харошых і варожых, і толькі пасля гэтага пачынаем ваенныя дзеянні… А хто не схаваўся, я не вінаваты!

Адзін каментар

  1. # 23 кастрычніка 2011 23:30
    Аўтар: Заяц

    праўду, княжа, кажаш. і добра кажаш!

Ваш каментар