Блог Усяслава Чарадзея. Пост №20, у якім Усяслаў Чарадзей робіць намаганні прадухіліць развал СССР і даведваецца пра воўчыя законы гісторыі

Прыбег да мяне паэт Баян з будучыні. Твару няма. “Падгледзеў я ў будучыні, княжа, – галосіць, – як у Белавежскай пушчы трое славянскіх мужчын вялікую імперыю развальваюць! Якая, дарэчы кажучы, і на нашай тэрыторыі разляглася!”.

Я на скорую лапу сабраў воўчую зграю і полк драпежных вавёрак – і гайда па часе і прасторы, імперыю ратаваць. У часе мы якраз хутка дабраліся – селі сабе ў машыну часу і тут як тут, а вось у прасторы – гэта ж сур’ёзней – ад Полацка да Белавежскай пушчы цэлых 600 кэмэ на сваіх чатырох трэба шкандыбаць.

Урэшце я з ляснымі малодшымі братамі (і з языком на плячы) дабег да вёскі Віскулі і ўварваўся ў паляўнічы дамок. Бачу траіх– падбег да самага інтэлігентнага і загырчаў на вуха:

“Не развальвай эСэСэСэРу – ён і наша імперыя таксама!”

– А мы ўжо ўсё развалілі, – радасна адказвае мужчына.

– Як жа так?! У нас жа цяпер не будзе мора, – забедаваў я.

– Ну і што? – абыякава кажа мужчына.

– А тое, што выхад да яго – першая прыкмета нармальнай імперыі, – кажу.

– Ды не пераймайся ты, княжа, – ёсць у нас мора, – гне на свой капыл мужчына, якога іншыя двое мужчынаў Станістлавам Станіслававічам клікалі. – Мінскае называецца.

– Ды ведаю, – адмахнуўся я. – Яно максімум куды выходзіць – гэта ў Вілейскае вадасховішча.

“Як жа так увогуле сталася, – кажу яшчэ, – што няма нармальнага мора? Калі я Вітаўта адведваў, які пасля мяне на 250 гадоў жыў, дык той мяне запэўніў, што ў будучай нашай дзяржаве усё з гэтым добра – выхад да мора гарантаваны…

– Як бы табе, венцаносец кашлаты, усё разумна ды на рэаліях знаёмай табе дзікай прыроды патлумачыць? – чухае патыліцу Станіслаў Станіслававіч. – На дадзеным гістарычным этапе мы не вялікія і зубастыя, а маленькія і пухнатыя. І страта гэтага выхаду – гэта не тое, што мы, карасі, смачнага чарвячка з ўласных зубоў па недаглядзе выпусцілі, гэта ў кракадзілаў з нашай рэчкі раптоўны прыпадак карыесу здарыўся. Не да нас драпежным захопнікам першы раз за чатырыста дваццаць два гады зрабілася. Вось такія вось воўчыя законы.

Карацей, выйшаў я з дамка і моцна засмуціўся. Такую краіну развалілі! І адкуль у Палессі кракадзілы? І чаму яны жывуць па воўчых законах?

Р.S. І чаму першы раз за менавіта 422 гады? Што за 1569 год такі? Што тады адбылося?

Р.P.S. Хто скраў крыж маёй унучкі Еўфрасінні?

Адзін каментар

  1. # 11 верасня 2011 21:43
    Аўтар: nondatur

    Адкуль-адкуль… Палессе асушылі? Асушылі. Вось яны і прыйшлі. Пехатою. Не баіцеся, зараз зноў багну робяць там, можа, зыдуць?

Ваш каментар