Блог Усяслава Чарадзея. Пост № 22, у якім Чарадзей працягвае расказваць пра кактэйль-вечарыну ў гонар былых уладароў дзяржавы

Як ужо я гаварыў у мінулым пасце, нягледзячы на тое, што алкаголь і цікавыя суразмоўцы-экс-валадары, у адрозненне ад іншых пагулянак, на кактэйль-вечарыне ў гонар былых уладароў дзяржавы не заканчваліся ніколі, усё роўна некаторыя былыя валадары прымудраліся не абмяжоўвацца адной такой вечарынай. Вядомы прыклад вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя, венгра з паходжання, які ўжо досыць падвясёлены на мінскай вечарыне, хапаў пад пахі пляшку гарэлкі “Нёман” і апошні нумар “Гродненскай праўды”, лавіў таксоўку і ехаў на вакзал, каб паспець на начнік “Мінск—Будапешт”, з мэтаю дагнацца на вечарыне ў гонар ужо венгерскіх кіраўнікоў. Усіх, вядома, пераўзышоў Ягайла, які на зайздрасць абому-рабому Міндоўгу і Гедыміну зрабіўся яшчэ і польскім каралём. Іншымі словамі, абзавёўся тытулам, які дазваляў яму за вечар абнікаць ажно тры месцы: Мінск, Вільню і Варшаву. А калі дадаць сюды незлічоную колькасць паралельных светаў, а як вынік – незлічоную колькасць паралельных гісторый Беларусі, і адпаведна – шалёную прорву кактэйль-вечарын для былых валадароў дзяржавы, дык робіцца зразумела, чаму Ягайліха, вядомая ў Кракаве як каралева Ядзвіга, мела ад усяго гэтага вялікае раздражненне і ўрэшце ўвогуле забараніла мужу хадзіць на такія вечарыны, паставіўшы сужонца перад няпростым выбарам: “Alboja, albotacholernaimprezakoktajlowa”.

На кактэйль-вечарыну ў гонар былых валадароў краіны можна было трапіць з любога часу. Напрыклад, у пачатку ХХІ стагоддзя брама туды месцілася на сёмым паверсе гандлёва-забаўляльнага цэнтру Ждановіцкага рынка, дзе побач з уваходам у дыскатэку “Арыён” стаялі такія ж дубовыя, такія ж двухстворкавыя дзверы і дзе наведнікам ахова адціскала такую ж няўцямную пячатку на руку. Хіба толькі ля брамы на пазачасовую вечарыну начыста паголеныя, укормленыя ахоўнікі — значна больш за ахоўнікаў дыскатэчных — нагадвалі татараў, якія змагаліся на баку саюзнага войска падчас Грунвальдскай бітвы.

Трэба заўважыць: ахова была няўмольная і пускала толькі намінальных былых валадароў дзяржавы. Да прыкладу, аднаго з завадатараў паўстання 1863 г. Кастуся Каліноўскага няўмольны фэйс-кантроль не пусціў. Кастусь стаяў і, ад крыўды складаючы вершы да чарнабровай Марыські, прапускаў уперад сваіх заклятых ворагаў, валадароў забранага краю: расійскіх цароў і аднаго з першых кіраўнікоў БССР Аляксандра Мяснікова (Мяснікяна). На вечарыне тыя валадары не змаглі падтрымаць прыстойную размову па-беларуску, чым выклікалі косыя позіркі з боку іншых прысутных, але досыць мілымі ківамі патлумачыўшы свае жаданні, усцешылі прынамсі бармэна: зрабілі яму план па гарэлцы і каньяку, якіх тут ніхто, акрамя іх, не ўжываў.

Аднойчы на вечарыну спрабаваў гвалтоўна прашыцца ўжо знаёмы нам Містэр “Не”, міністр Андрэй Грамыка. Але пра гэта ў наступным пасце…

Ваш каментар