Блог Усяслава Чарадзея. Пост №23, у якім Чарадзей заканчвае расказваць пра кактэйль-вечарыну ў гонар былых валадароў дзяржавы

Як я ўжо казаў, ахова на ўваходзе на кактэйль-вечарыну была няўмольная і пускала толькі намінальных былых валадароў дзяржавы.

Андрэй Грамыка, міністр замежных справаў СССР, замест упрошванняў аховы адразу звярнуўся да арганізатара вечарыны. І пераканаўча давёў, што, можа, і не з’яўляецца кіраўніком Беларусі і ў дадатак аддае перавагу Маскве перад Мінскам, і расейшчыне перад беларушчынай, і акрошцы перад халадніком, але сам з’яўляецца настолькі магутнай фігурай у крамлёўскай іерархіі, што зможа вырашыць лёс усіх кіраўнікоў БССР, аднаго за адным.

І каторы раз арганізатар вечарыны, немалады мужчыны ў акулярах на паўтвару з вельмі тоўстымі шкельцамі, быў няўмольны – толькі валадары. Грамыка паўпінаўся, ужыў ядравую зброю і нават здзейсніў увод абмежаванага вайсковага кантынгенту. Але праз дваццаць хвілін з Заслаўя прыцёгся “жыгуль” з нарадам Ждановіцкага РАУСа. Разагнаўшы дручкамі гэтую “чырвоную пагрозу”, нарад забраў Грамыку ў аддзяленне.

“Як вы можаце адмаўляць мне ва ўваходзе?! Містэр “Не” – гэта я, а не вы!” – крычаў ужо ў камеры КПЗ Андрэй Андрэевіч Грамыка.

Пачаткам канца кактэйль-вечарыны сталі марксісты – людзі, перакананыя, што дзяржавай могуць кіраваць нават кухаркі – яны ад самага пачатку былі супраць правядзення такіх элітных закрытых вечарынаў. Аднае суботы на вечарыну ўварваўся атрад з 30 раззлаваных і ахвочых да крамбамбулі кухарак з Серабранкі. Відовішча, якое яўна ўразіла не падрыхтаваную да таго ахову.

Спачатку таварыства былых валадароў дзяржавы, якое пераважна складалі мужчыны, новай жаночай кампаніі ўсцешылася. Аднак убачыўшы, што вечарынка губляе сваю валадарную элітарнасць і эксклюзіўную надчасавасць, ператвараючыся пакрысе ў звычайную пятнічную п’янку з кухаркамі (занятак, трэба заўважыць, таксама не сумны і дужа прыемны), валадары цэлымі дынастыямі сталі спехам пакідаць памяшканне.

Іншымі прыкрым момантам зрабіліся частыя сустрэчы на вечарыне валадароў з блізкіх часоў, асабліва тых, якія ў свой час збавілі адзін аднаго са свету. У тых сустрэчах талерантнасць і дэмакратычнасць, уласцівая кактэйль-вечарынам, саступала месца зусім не гістарыяграфічнымі разборам, векапомным абразам і нават непрыхаванаму мардабою – і гэта адбывалася, што самае цікавае, якраз пасля чацвёртай чаркі.

Міліцыя занесла кактэйль-вечарыну ў гонар былых валадароў дзяржавы ў свой чорны спіс, а ўчастковы пачаў завальваць гарвыканкам афіцыйнымі просьбамі аб закрыцці праз крымінагенную небяспеку ўсяго гандлёва-забаўляльнага цэнтра на Ждановіцкім рынку.

Зрэшты, убачыўшы, што вечарына ператварылася ў чарговае абы-што, арганізатар вечарыны, немалады мужчыны ў акулярах на паўтвару з вельмі тоўстымі шкельцамі, аднойчы прыйшоў і заліў дубовыя, дзвюхстворкавыя дзверы бетонам.

Цяпер, сустракаючы адзін аднаго ў стрэмных падваротнях часава-прасторавага кантынуума, беспрытульныя былыя валадары дзяржавы па-сяброўску паляпвалі адзін аднаго па плячы і казалі: “Вось, Гедымінавіч (ці Міронавіч), а памятаеш, як мы тады накактэйліліся? Ого! Толькі адно шкада, браце, – такую вечарыну развалілі!”

Ваш каментар