Блог Усяслава Чарадзея. Пост №24, у якім Чарадзей наведвае Жыгімонта Аўгуста

– Вялікі княжа, вы пераблыталі: я не усёмагутны чарадзей, я – Усяслаў Чарадзей, – сказаў я. – І гэта, як кажуць у Херсонскім ханстве, – тут я падняў палец угору, – дзве вялікія розніцы.
Перада мною стаяў, а дакладней лунаў у паветры малады чалавек, што прасвечваўся, быццам тонкая бялясая свечка.
Я дадаў:
– Бо Чарадзей тут – не род заняткаў, а мянушка, фактычна прозвішча. Колькі ўжо мне трэба пазначаць у летапісах для нашчадкаў, што асноўная і адзіная мая праца – кіраваць княствам. Я валадар дзяржавы – такі самы, як і вы, спадар Жыгімонт Аўгуст. Я не нейкі там чарнакніжнік на паўстаўкі. Я тэарэтычна тое-сёе, вядома, у чарадзейнай галіне магу згламэздаць, але на практыцы толькі ў ваўка калі-нікалі ператвараюся. І таму дух вашай жонкі Барбары Радзівіл, не выклічу. Часткова бо не ўмею, а збольшага бо не хачу.
– Але княжа, злітуйся, – нудотным голасам заcкуголіў Жыгімонт і зрабіўся яшчэ больш празрысты, не раўнуючы згустак сіліконавага клею. – Дзе твая салідарнасць? Ты ж таксама нешта кшталту прадстаўніка замагільнага свету.

– О не, аўгусцейшы Жыгімонт і жыгімонтны Аўгуст! Давайце катлеты асобна, а мухі – асобна. Я, у адрозненне ад вас, не прывід, які памёр гвалтоўнай смерцю, а просты ваўкалак, які яшчэ, заўважце, знаходзіцца пры жыцці.
– Але мне абяцалі чарадзея, які выкліча маю Басечку, – зусім расклеіўся вялікі князь літоўскі і кароль польскі. – Яна ж цяпер у якасці Чорнай Панны Нясвіжа кругі па тамтэйшым замку, гаротніца, без мэты і кірунку наразае, а я тут во ў разлуцы: захрас на прывіднай пасадзе ў кракаўскім каралеўскім палацы!
– Жыга, я цябе ўмаляю, – не трэба гэтых слязлівых цюхцей-мухцей пра выкліканне духаў, – прамовіў я стомлена. – Што гэта за цемрашальства такое? Я што, інтэрнэт ці першы канал? Падбаў бы ты лепей пра сябе і сваю Басю – глянь, якія вы абодва бледныя. На вуліцу не выходзіце, колькі стагоддзяў туляецеся па пыльных і сырых калідорах, туды-сюды, туды-сюды… Толькі залётныя турысты і цешацца, а нармальным людзям дык і глядзець моташна… Калі табе далёка ляцець да Нясвіжа, дык прызначыў бы ты Барбары спатканне дзе-небудзь пасярэдзіне. Да прыкладу, у Гародні, там кажуць таксама палац нішто сабе такі. Каралеўскі. З калідорамі і закуткамі. І мяжа для цябе празрыстая – візы ў РБ браць не трэба.

П.С. Дарэчы, Барбара Радзівіл у свой час нават ЖЖ завяла.

Ваш каментар