Блог Усяслава Чарадзея. Пост №3

1091 г. Май. Ну, вядома, гэта ўсё поўня вінаватая. Значыцца, паціху  янотаў-бежанцаў  па закінутых лісіных норах рассяліў і ўчора канчаткова адчуў – акрыяў я. На спатканне нават пайшоў -  запрасіў  хазарскую царэўну, мілае дзяўчо і паўцарства на дарозе не валяецца. Паклікаў на абед і чвартаванне. І як усё хораша абставіў: не проста нейкі квіток купіў, калі сядзіш як дурань у апошнім шэрагу, дзе ні эшафоту ні крыві не бачыш, і толькі  ў паўцемры пакутліва думаеш, калі ўжо можна будзе дзяўчыну пацалаваць. Па-княску запрасіў. Бо сам усё і зладзіў: засудзіў аднаго злодзея, пабудаваў трыбуны, выпісаў моднага ката. Паўцарства, можа, думаю, не дастану, але ўвечары царэўна яўна застанецца.

Раптам адчуваю – ператвараюся ў жывёлу. Спярша падумаў, што гэта я ў пераносным сэнсе: глянуў на гожую дзеўку і ўва мне пакрысе прачынаецца пажадлівы звяруга. Выяўляецца – скулля: у прамым сэнсе – хвост у лаву ўпіраецца.

У мяне такое часта. Ідзеш ў поўню па полацкай наберажнай, і тут абавязкова нехта залямантуе: “Шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць! Д’ябал ужо тут!” Ну, які я д’ябал? Як толькі ваўкалак мордазмяніўся, дык адразу – д’ябал. І лічыць я толькі да 500 магу.

Бывае – наадварот: раблю прабежку па лесе, бачу мядзведзь казулю дзярэ, ды мяне гэтае карціна самае сэрца працінае: “Што ж ты, нялюдскі ірад, творыш? Жывую істоту – і пад разцы?” Дарэмна ён мне нешта пра ланцуг харчавання і натуральны адбор мармыча – чапляюся драпежніку ў горла.

Дык вось, глядзім мы чвартаванне, а хазарская царэўна кажа:

- А што гэта вы, мужчына, на мяне воўкам глядзіце?

Толькі што “Славік” курняўкала  і прасіла мёду падліць, а раптам “мужчына” і нелітаратурныя параўнанні. Адным словам, пасля чвартавання адаслаў царэўну назад, у Хазарскае царства.

Ужо ў лесе заяц кажа: “Можа, табе які курс  зёлак папіць?” “Якія пад халеру зёлкі, зая? – абурыўся я. – Калі твая жанчына толькі адзін твой, парадны, бок хоча бачыць, дык начорта яна такая трэба?!”

5 каментароў

  1. # 06 траўня 2011 13:53
    Аўтар: Брыгада фатографаў

    ой, як добра што нагадалі.!)

    а ці ёсць мо з чвэртавання фота-рэпартаж ад Таранціны, ці каго з яго прашчураў?

    і ці не баіцеся вы, што вашае раптоўнае з’яўленне ў блогасферы можа выклікаць вяртанне моды на вампірызм і згрызанне адзін аднаго сярод маргінальнай моладзі??

    • # 07 траўня 2011 11:34
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей

      Не баюся. я прыхільнік харчовых ланцугоў.

  2. # 06 траўня 2011 16:00
    Аўтар: Katherine

    Слава, не хвалюйся, знойдзеш яшчэ сваю царэўну, не паспееш вокам міргнуць :)
    А Заяц ў цябе нейкі падбухторшчык :)

  3. # 07 траўня 2011 11:51
    Аўтар: Вядзьмарка

    А вот адкажыце, паважаны спадар Чарадзей. Як жа наконт простых сялянскiх дзяучат, працавiтых да добразычлiвых? Яны ж да жывёл звыкнутыя i лямантаваць убачыушы хвост ня будуць. Наадварот нават, расчэшуць ёный дый стужачкай перавяжуць. Па-мойму, вельмi карысна у гаспадарцы.

    • # 08 траўня 2011 23:37
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей

      А вось, вы шаноўная Вядзьмарка, адкажыце, а як наконт прынца? Хочацца? То ж бо. І я таксама з сялянкамі ўсёй душою, але, відаць, не дадуць нам…

Ваш каментар