Блог Усяслава Чарадзея. Пост №30. Вясёлага Новага апакаліпсісу!

Кароткі змест папярэдняга паста. Усяслаў Чарадзей са сваім сябрам зайцам вядуць следства і вылічваюць, хто ў беларускай гісторыі хоча яе заўчаснага завяршэння. Сябрам ужо вядома, як усё скончыцца: у 2017 усе беларусы да апошняга патруцяцца дранікамі на пагулянцы з нагоды пяцігоддзя канца свету, які здарыцца, як вядома, у 2012.

– А навошта мы, зая, увогуле шукаем віноўніка? – запытаў я. – Можа, лепей перадухіліць сам канец?

– Немэтазгодна, – адказаў заяц. – Ну што ты можаш зрабіць, каб перадухіліць канец свету? Ну, добра, з грахом напапалам ты, Усярукі Чакрадзей, ужыўшы ўсю сваю магію, вылузнуўшыся з усіх сваіх скураў, загукаўшы ўсіх сваіх уплывовых сяброў з найвышэйшых сфер і іншых вымярэнняў, такі спыніш глабальнае цунамі і сусветныя вывяржэнні вулканаў. Але лапу на сэрца, шэры: аніякі звышасілак у Галактыцы не зможа выдраць у беларуса з рота дранік. Гэта я пра пагулянку з нагоды пяцігоддзя канца свету.

Так што знаходзім завадатара апакаліпсіса і нейтралізуем менавіта яго…

– Ясна. Яшчэ пытанне: адкуль ты ведаеш, што ў канцы свету зацікаўлены найперш хтосьці з Беларусі, а не з іншых краёў?

– Ну, тут нават да вяшчункі не хадзі. Вось у якога іншага народа ўсе канфесіі пагалоўна заложна святкуюць два Божых Нараджэнні, два Божых Уваскрэсенні і ажно тры (25 сакавіка, 3 ліпеня і 27 ліпеня) Дні Незалежнасці? У РБ жа ўсе навукоўцы гуманітарнай сферы, і праўладныя, і апазіцыйныя, толькі тое і робяць, што шукаюць якую гістарычную зачэпку, каб яшчэ адзін дзень на працу не хадзіць. Будзь пэўны, што і ў канцы свету рука Мінска прасочваецца.

І потым заяц дадаў шматдумна:

– Для каго судны дзень, шэры, а для каго дзянёк, у які пад агульны шумок можна шыфер на дачу адтарабаніць…

– Добра, зая, а што, калі мы проста спынім канец свету, каб усім беларусам не было чаго святкаваць у 2017, і, адпаведна, тая прынагодная пагулянка адмяняецца і ніхто не труціцца дранікамі?..

– Наіўны ты, шэры, як ваўчаня.

– Зая, а можна паканструктыўней?

– Ну, пакруці мазгамі. Пагулянкі – святое, іх расклад і бюджэт распісаныя на пяцігодку наперад. Нават калі ўсеагульны капец не грымне, дык тады з не меншымі імпэтам і размахам усе ўсё роўна будуць святкаваць, хіба толькі пяцігоддзе шчаслівага ненаступлення канца свету. Зноў жа, як ты разумееш, з прыездам калектываў народнай самадзейнасці, рэканструкцыяй якога-небудзь райцэнтра, паходнымі буфетамі, шашлыкамі і бульбяной прадукцыяй.

– Зая, пераканаў. Будзем шукаць далей. Калі б я быў рэжысёрам, дык я б, пэўна, зняў пра цябе (і пра сябе) кіно: “Следства вядуць ну пагадзі”.

Ваш каментар