Блог Усяслава Чарадзея. Пост №31, у якім Чарадзей зведвае фантомныя болі

Выйшаўшы з паседжання рады былых валадароў па перадухіленні канца свету, дзе атрымаў прачуханку за тое, што ў справаздачы пра ХVIII стагоддзе назваў Суворава “нашым слаўным палкаводцам”, я сутыкнуўся з новай сакратаркай, Чорнай Паннай Нясвіжа. Ну, не тое каб сутыкнуўся – проста Панна, безуважна гледзячы некуды ў далячынь, прашкандыбала проста скрозь мяне.

І нават нягледзячы на тое, што істота яна бясплотная, я ўсё роўна адчуў пэўны кантакт.

У прывідаў гэта называецца фантомнымі болямі. У адрозненне ад людскога фантомнага болю (калі чалавеку шчыміць орган, якога больш няма), у саміх фантомаў фантомны боль абазначае з’яву крыху іншага кшталту. Дык вось, паводле фантомаў, фантомны боль – гэта боль ад сутыкнення з фантомам. І той боль, натуральна, адчувае не сам наляцелы на вас прывід (пасля смерці ён робіцца абсалютна неадчувальнай істотай), а вы самі, калі сутыкаецеся з фантомам у доўгіх калідорах замкаў або, як у маім выпадку, пасярод офіснага калідора будынка на Бернардынскай вуліцы.

І мушу вас запэўніць: гэтыя сутыкненні з фантомамі часам бываюць досыць адчувальныя.

“Чаму ж гэта так? Яны ж здані бясплотныя”, – скажаце вы.

Адкажу. Рэч у тым, што Е=mc2 ніхто не адмяняў, і любая энергія можа быць выражаная праз масу. То бок нават вашае здзіўленне ад сустрэчы з прывідам (а яно, без сумневу ніштаваты, выплеск нервовае энергіі) таксама мае масавы эквівалент.

За тысячы гадоў сваёй эвалюцыі прывід навучыўся пераганяць гэтую энергію здзіўлення ў масу. Ушчэнт знуджаны сваімі беспрытульнымі бадзяннямі ў палацах і замках, ён рабіў гэтыя перагоны забавы дзеля. Прывід лавіў ад чалавека, жывога насельніка палаца, цікаўныя выгукі, ахі ды ўздыхі і потым вяртаў іх у выглядзе слядоў на падлозе, або гучнага тупату ці скавытанняў у гулкіх калідорах.

Ад гэтых праяваў тагасвеччыны чалавек крычаў яшчэ мацней, і, як вынік, сляды рабіліся больш заўважнымі, а тупат – гучнейшым. Прыгнечаны страхам, чалавек зусім пераставаў спаць, есці, піць, спаганяць з прыгонных нядоімкі, пачынаў бязмэтна туляцца па гулкіх калідорах замка, тым часам як сам прывід, падсілкаваны чалавечай энергіяй здзіўлення і страху, квітнеў (і нават пачынаў быць крыху ў целе). У яго з’яўляліся невялічкае брушка і другое падбароддзе. Жонка чалавека пачынала блытаць, дзе здань, а дзе – яе бледны і змізарнелы сужэнец, чым некаторыя прывіды, не вагаючыся, скарысталіся…

Дык вось, гэта быў ужо трэці раз за сённяшні дзень, калі Чорная Панна, якая працуе ў нас сакратаркай, наступіла мне сваімі італьянскімі абцасамі XVI cт. на лапку. Ну, далібог, Бася, колькі можна лунаць у надхмар’і і не заўважаць калегаў – мы ж працуем у адным офісе!

Адзін каментар

  1. # 09 студзеня 2012 23:42
    Аўтар: nondatur

    здорава.))

Ваш каментар