Блог Усяслава Чарадзея. Пост №32. Пра стварэнне машыны часу на аснове трактара “Беларус”

Шмат хто перакананы, што машына часу працуе па нейкіх фантастычных прынцыпах. І, можа, таму ў мастацкай літаратуры і кінематографе панадзіліся рабіць яе ў форме вядзьмарскага катла з прымацаванымі да таго катла шматлікімі празрыстымі трубачкамі, якія бязладна вытыркаюцца ва ўсе бакі. Палічыўшы, што гэтага недастаткова, пісьменнікі і кінематаграфісты ў дадатак аснашчаюць машыну часу зіхоткімі лямпачкамі-катафотамі ды нікеляванай цэнтрыфугай, з якой раз-пораз валіць густая пара.

Дык вось, мушу заявіць: сапраўдная машына часу не выглядае як плод любові самагоннага апарату з роварам “Арлёнак”. Далібог не! Насамрэч машына часу, працуючы на простых як шасцярэнька прынцыпах рухавіка ўнутранага спалення і пасавай перадачы (плюс невялічкія нанатэхналогіі і лёгкія ўдасканаленні формы задніх брызгавікоў), мае выгляд трактара “МТЗ-80”. Адзінае, што лучыць сапраўдную машыну часу з яе выявамі ў фантастычных творах, – гэта, пэўна, клубы пары: часам яны сапраўды вырываюцца з сапсаванага радыятара машыны часу, якая раптоўна загрузла дзе-небудзь пасярод голага поля беларускай гісторыі ХІХ стагоддзя, скажам, на шырокай мяжы пасля выхаду “Дудкі беларускай” Францішка Багушэвіча і перад паўставаннем нашаніўскага асяродка.

Дык вось, вынаходства машыны часу – асобная гісторыя, цікавая і павучальная адначасова.

У ХХІІІ стагоддзі вынаходнік-наватар Флавій Капацька, замест таго каб далучацца да даўжэзнага спісу няўдахаў, якія за сваю кар’еру так і не здолелі адшукаць прынцып дзеяння машыны часу (за выняткам тых шчасліўцаў, што перакваліфікаваліся ў распрацоўшчыкі вечнага рухавіка), зрабіў дзёрзкае дапушчэнне, што старадаўнія цывілізацыі (па вялікім рахунку, мудрэйшыя і прасунуцейшыя за ягоную) ужо колісь, яшчэ даўней, напэўна, вынайшлі ўсе нашыя вынаходствы, і сярод іх, мусіць, туліцца і time machine.

Каб пацвердзіць сваю гіпотэзу, замест тэхнічных выпрабаванняў на палігонах Капацька занурыўся ў гістарычныя крыніцы. І неўзабаве, спраўна абнікаўшы архівы і скарыстаўшыся парадамі гісторыкаў свайго стагоддзя, Капацька адкрыў, што машына часу была пачаткова распрацаваная ў савецкай Беларусі і канчаткова вынайдзеная ў паслясавецкай.

Цывілізацыя, якая з неверагоднай лёгкасцю ставіла на адну плоскасць час і прастору, фактычна накрэсліўшы знак роўнасці між імі (возьмем, да прыкладу, вайсковыя загады кшталту “Капаць адсюль і да абеду”), цывілізацыя, якая лёгкім росчыркам пэндзля магла прыспешыць хаду часу (савецкі лозунг “Пяцілетку – за чатыры гады”), ведала – а ў Капацькі не было на гэты конт і ценю сумневу – таксама сакрэт перасоўванняў у гэтым самым часе.

На наступным этапе пошукаў Капацьку дапамагла Другая Гістарычная аксіёма, якую яшчэ раней вывелі гісторыкі ХХІІІ стагоддзя. Аксіёма пастанаўляе, што усе прыборы і прыборчыкі made in USSR, ад мясарэзкі да месяцахода, абсалютна без аніякіх выключэнняў, зробленыя на базе аднаго з двух прыстасаванняў: або аўтамата Калашнікава, або трактара “Беларус”.

Знайшоўшы ў гістарычным музеі РБ абодва экзэмпляры цудам захаваных прыстасаванняў і памаліўшыся шклоўскаму ідалу (культ шклоўскага ідала – вельмі пашыраная рэлігія ў ХХІІІ стагоддзі), Капацька пачаў вывучаць іх на прадмет наяўнасці ў іх машыначасавага механізму…

(Працяг будзе)

Фота – Басі Радзівіл (піяр-агенцыя СКАрынак)

Ваш каментар