Блог Усяслава Чарадзея. Пост №33. Пра стварэнне машыны часу на аснове трактара “Беларус” (працяг)

З(а)мест папярэдняга паста. Вынаходнік-наватар ХХІІІ ст. Флавій Капацька шукае сакрэт машыны часу. Пакапаўшыся ў архівах, навуковец высвятляе, што машына часу ўжо была вынайдзеная ў мінулых стагоддзях. Яму ўдаецца высветліць, што тая машына зробленая на базе аднаго з двух прыстасаванняў: або аўтамата Калашнікава, або трактара “Беларус”.

Не звяртаючы ўвагі на лямант збройнага лобі свайго стагоддзя, якое палка даводзіла, што менавіта аўтамат Калашнікава сам па сабе і ёсць, па сутнасці, машынай часу, якая з бліскавічнай хуткасцю здольная перасунуць любога чалавека ў самы скрайні пункт ягонага жыцця, Флавій Капацька ўсё ж вырашыў спярша паставіць на “Беларуса”. І не памыліўся.

Пасля правядзення спектральнага аналізу, рэнтгену і чытання падшывак часопіса “Вясёлка” за 1982 год вось што высветліў Капацька.

Трактар “Беларус” – эпахальнае вынаходства беларускага народа, якое на колькі стагоддзяў наперад вызначыла ўсю тэхнічную думку крывіцкага этнасу. “МТЗ-80” барануе, жне, засявае. Бульбакапалка, ротарная жатка, касілка і проста цяглавая моц у восемдзесят конскіх сілаў – і ўсё гэта фактычна адзін-адзінюткі механізм.

Алгарытм нязменны: усё, што было трэба зрабіць, каб з базавай мадэлі згламэздаць швейную машынку або партатыўную электрастанцыю, – гэта прышрубаваць адпаведную прыстаўку і крыху памяняць форму задніх брызгавікоў пры дапамозе напільніка.

Пойдзем далей. У 90-я гады ХХ стагоддзя, пасля атрымання незалежнасці, трактарабудаванне атрымала дадатковы штуршок, і ўніверсальны ўжытак “Беларусаў” толькі ўзмацніўся: на вуліцах беларускіх гарадоў з’явіліся міліцэйскія трактары-эвакуатары. Пасля падзеяў 2011 года, з павышэннем мытаў і як вынік рэзкага росту цэн на замежныя аўтамабілі, у 2015 МТЗ выпусціў эксперыментальную, 10-тысячную партыю легкавых “Беларусаў”. Партыя была раскупленая за суткі.

У сярэднестатыстычную беларускую сям’ю трактар-легкавушка прынёс нязнаную раней радасць і зручнасць. Цешча была на сёмым небе, бо зяць, прыехаўшы на вёску ці лецішча, адразу, без затрымак і недарэчных адчэпак, мог прыступацца да пасяўной ці да любых уборачных працаў. Аднак зяць таксама не застаўся пакрыўджаным: цяпер з нагоды абмежаванага месца ў кабіне ён меў законную адчэпку не браць цешчу на лецішча (ды мог бавіцца там са шматлікімі сябрамі, якіх ён прывозіў у прычэпе). Жонка і цесць ад пакупкі трактара таксама выгадвалі, бо, цяпер, асланёныя бітвамі за ўраджай і персанальную самастойнасць паміж цешчай і зяцем, яны маглі беспакарана займацца ўлюбёнай справай: у выпадку цесця – бавіць час у гаражы пад “Масквічом-414”, які гадоў 20 як не ездзіць, а ў выпадку яго дачкі – бавіць час з палюбоўнікам у кавярні “Стары горад” у Траецкім прадмесці.

Ужо ў 2020 годзе ў выніку дзяржаўнай праграмы татальнага імпартазамяшчэння па вуліцах беларускіх гарадоў бегалі “Беларусы”-пікапы, “Беларусы”-кабрыялеты, “Беларусы”-амбулансы (хворага кладуць зноў жа ў прычэп), “Беларусы”-катафалкі (куды кладуць нябожчыка, гл. “Беларусы”-амбулансы”), і нават “Беларусы”-лімузіны (усё, што трэба зрабіць, — гэта зварыць тры-шэсць кабін разам, бо лімузінавым барам-заначкай ужо і так аснашчаны кожны звычайны “Беларус”). Па вуліцах хадзілі нават “Беларусы”-аўтазакі (за адсутнасцю лішняга месца ў кабіне арыштаваныя самастойна бралі ключы ў міліцыянера-кіроўцы і дысцыплінавана пад’язджалі да прымальнікаў-размеркавальнікаў, дзе перад тым як замкнуць саміх сябе ў турэмнай камеры, пакідалі ключы на вахце).

Выклік машыначасных тэхналогій МТЗ сустрэла годным адказам. У 2055, папярэдне апрацаваўшы звышдакладным дыяментавым нанапільнікам заднія брызгавікі, да базавай мадэлі дадалі нейкую небальшэнькую такую хітравымудронную ну, очынна такенькую супер-дупер нанатэхналагічненькую насадку, якіх у другой палове ХХІ стагоддзі было, як вядома, паўсюль хоць задавіся (ды якая формамі крышку нагадвала ці то мініяцюрную ротарную жатку, ці то мікраскапічны абмалот).

Гэтак, па сутнасці, і была выштукаваная першая машына часу.

Фота – Басі Радзівіл (піяр-агенцыя СКАрынак)

Ваш каментар