Блог Усяслава Чарадзея. Пост №34. Пра стварэнне машыны часу на аснове трактара “Беларус” (заканчэнне)

З(а)мест папярэдняга паста. Вынаходнік-наватар ХХІІІ ст. Флавій Капацька вынайшаў сакрэт машыны часу. Пакорпаўшыся ў архівах, навуковец высветліў, што машына часу ўжо была вынайдзеная ў мінулых стагоддзях на аснове трактара МТЗ-80.

Машыны часу на базе “МТЗ-80” з гонарам усталявалі ў кожным райцэнтры пасярод цэнтральных плошчаў на пастаментах, адкуль раней паскідвалі бронзавых і бетонных Леніных, якія такім чынам урэшце дачакаліся сваёй абяцанай светлай будучыні. На тых пастаментах машыны часу, шчасліва забытыя, прастаялі гадоў сто пяцьдзясят аж да эпахальнага адкрыцця іх Капацькам у ХХІІІ стагоддзі.

Нягледзячы на тое, што пошукі Капацькі ўвянчаліся поспехам, уся гісторыя мела трагічны канец. Рэч у тым, што, на вялікі для яго жаль, Капацька не спыніўся ў сваіх пошуках на машыне часу – чаго ні ў якім разе рабіць было не варта.

Дык вось, працягваючы свае даследаванні ў архівах, Капацька высветліў, што ўжо ў 2040 годзе запчасткі ад “Беларусаў” выкарыстоўвалі ў якасці чалавечых трансплантантаў, а праз якое дзесяцігоддзе — увогуле:

МТЗ выпусціў 10-мільённую партыю “Беларусаў”, якая і замяніла звычайных людзей.

Дарэчы, у сувязі з гэтым нашым жалезным нашчадкам давялося крыху выправіць класічны верш Янкі Купалы, першы радок якога гучаў цяпер так:

“А хто там едзе?”

Канец Капацькі быў сумны. Даведаўшыся, што ўсе вакол “Беларусы”, ён скончыў жыццё ў вар’ятні, дзе на пацеху санітарам даводзіў, што ён не трактар з адпаведнай насадкай навукоўца і згодна са статусам і ўзростам падпілаванымі заднімі брызгавікамі, а жывы, з плоці і крыві гома сапіенс*.

* Мусім заўважыць, што Чарадзей тут крыху згушчае фарбы: на канферэнцыі футуролагаў у Плешчаніцах у 2130 годзе гэткае тэхнакратычнае развіццё будучыні прызнанае “не адзіным магчымым, факультатыўным і ўвогуле неабавязковым да выканання” (заўвага адміна).

Ваш каментар