Блог Усяслава Чарадзея. Пост №35. Пра канец свету ў 2012 годзе (працяг)

Кароткі змест папярэдніх пастоў. Павышаючы імідж нашай дзяржавы, Усяслаў Чарадзей са сваім сябрам зайцам выпадкова дазнаўся, што хутка, у 2012 годзе, будзе канец свету. Па падазрэнні ў арганізацыі несанкцыянаванага канца свету быў арыштаваны Францішак Скарына, але ў яго алібі. Пошукі працягваюцца.

“Кастусь Каліноўскі? Сімяон Полацкі? Вацлаў Ластоўскі?”

Імёны патэнцыйных ініцыятараў апакаліпсісу што шалёныя круцяцца ў нашых галовах. Каму выгадны канец свету, які няўмольна набліжаецца да нас дзень пры дні?

Жыццё ператварылася ў суцэльнае следства. “Бо час кароткі”, – папярэджвае нас Біблія, і як папярэджанне цяпер, у самы разгар 2012 года, з доўгатэрміновага туманнага прароцтва, здаецца, ператварылася ў кароткачасовы прагноз надвор’я.

Мы з Усяславам Чарадзеем размаўлялі ўсё роўна як праз сон, блукалі па офісе, гарталі гістарычныя кнігі і дакументы, размаўлялі (такое ўражанне, што тэлепатыяй), пілі цынамонавую каву, што спраўна падавала нам Чорная Панна, і, перагружаныя разумовай працай, засыналі на офісных крэслах… Потым прачыналіся, зноў пілі цынамонавую каву, размаўлялі як праз сон… Усё было ў нейкім сутонні, мроіве, быццам усё дзейства адбываецца ў опіумні.

“Мялецій Сматрыцкі? Рагвалод? Булак-Булаховіч?”

Адным днём пасярод гэтага ачмуру на калідоры пачуліся гулкія крокі, і ў кабінет уварваўся дэбашыр і перагоншчык машын часу паэт Баян.

Яшчэ раней, толькі пачуўшы пра Апакаліпсіс у 2012 годзе, ён вымавіў фразу, якая ў вузкіх колах плешчаніцкіх футуролагаў па часе зрабілася культавай:

– Гісторыкі ХХІІІ стагоддзя гэтага не перажывуць.


138-томны збор твораў паэта Баяна плешчаніцкія футуролагі купляюць часткова праз гэтую фразу (па адным томе ў кнігарні “логвінаЎ” па-ранейшаму не прадаюць), а часткова таму, што ўсе тамы ў зборы твораў маюць адмысловыя налепкі, пры дапамозе якіх можна, змацаваўшы кнігі разам, уфармаваць трывалыя і практычныя сходы на гарышча або ў сутарэнне, у якіх плешчаніцкія футуролагі ХХІІІ стагоддзя па-ранейшаму любяць захоўваць бульбу.

Нягледзячы на трывогу за лёс іншых, якую так і выпраменьвала гэтая фраза, насамрэч паэт Баян вярнуўся, бо скеміў, што канца свету можа не перажыць якраз ён сам, бо гісторыкі ХХІІІ стагоддзя, як стала вядома нам крышачку пазней, былі ягонымі найвялікшымі пастаўнікамі паскраданых машын часу.

Са здзіўленнем мы дазналіся, што некаторыя гісторыкі ХХІІІ стагоддзя аб’ядноўваліся ў злачынныя групоўкі, прыязджалі ў які-колечы раённы цэнтр на галоўную плошчу, пад полагам ночы скідалі з п’едэсталу зробленую на аснове трактара “МТЗ-80” машыну часу і зганялі яе, каб прадаць дэталі на сувенір у мінскай галерэі сучаснага мастацтва “Ў” пад выглядам артэфакта сацрэалізму. Каб замесці сляды, чорныя скідачы ўсталёўвалі замест машын зрынутыя яшчэ даўней статуі Леніных, якія, запыленыя, валяліся побач з п’едэсталам. І пераважная большасць людзей будучыні падмены не заўважала…

Ваш каментар