Блог Усяслава Чарадзея. Пост №38, у якім, магчыма, усё і вырашыцца

Пасля прамовы Рагнеды запанавала ціша.

– Ваў, – урэшце вымавіў заяц. – Я, здаецца ведаю, што буду есці падчас доўгай ядравай зімы.

Еўфрасіння кісла ўсміхнулася.

– О не, спадар заяц, – сказала яна. – Ты моцна памыляешся. Боршч, які сядзяць і вараць нашы жанчыны – не НЗ Апакаліпсісу, боршч і ёсць Апакаліпсіс. Пякучы і пякельны. Безбярэжны і бязлітасны. Пунсовы, як кроў, наварысты, як лава.

І прыпячатала:

– Боршч жаночага гневу!

Мы знерухомелі, ашаломленыя. Рагнеда дадала:

– Запомніце, помста – гэта страва, якую падаюць гарачай, і яна ўжо даўно пастаўленая на агонь і кіпіць у зямной кары. Цяпер, у 2012-м, пасля тысячагоддзя варкі падземныя рэзервуары Герадотава мора амаль паўнюткія – нам трэба яшчэ літаральна пара месяцаў, каб той боршч нашага гневу магутным струменем выплюхнуўся на зямное аблічча і ўчыніў усясветны патоп.

Яна дастала з-за пазухі драўляны апалонік і памахала ім на манер сцяга:

– Бо ў ідэале нашая мэта – пачатак новай цывілізацыі, дзе ўсё па-нармальнаму і па-жаночаму, без пакрыўджаных хлопчыкаў і іх забойчых цацак. І забудзьцеся, шаноўныя мужчыны, што, маўляў, кожнай пачвары па пары, бо пачвараў, то бок вас, мы пакідаем за бортам Ноевага каўчэга!

Пасля доўгай паўзы я задуменна прамовіў:

– Во як… Дык значыць, прабабуля, канец свету быў выгадны вам…

– Нічарта ён нам не выгадны, Усяславік! – адгукнулася Рагнеда, і апалонік ды мачэтэ ў яе руках нервова задрыгацелі.– Нас з вамі чакае адзін канец, бо мы разам з вамі таксама захлынемся баршчом.

І пасля паўзы ціха дадала:

– Ну, можа, не адразу захлынемся, а праз колькі хвілінаў, пакуль будзем каштаваць саму страву.

– Што?! – здзівіўся заяц. – А як жа ваш Ноеў каўчэг?

– Няма ніякага каўчэга, гэта ўсяго толькі метафара, – умяшалася ў гутарку Соф’я Гальшанская. – Бо, далібог, такі агромністы каўчэг – казка і выдумка. І да таго ж, калі нам было ім займацца, зая? Мы ж сядзелі дома і варылі боршч.

Заяц засмучана енкнуў:

– Да апошняй хвіліначкі я не толькі спадзяваўся, цётка Фрось, не быць залічаным да мужчынскага роду, але і песціў надзейку такі трапіць на выратавальны каўчэг.

– Так што мы з табой, Усяславік, усе ў адной лодцы, імя якой Зямля і якая хутка патоне ў бурлівым баршчы, – зноў не звярнуўшы на рэпліку зайца ўвагі, сказала Рагнеда. – Але лепей ужо так, каб гэты свет закончыўся і не дастаўся нікому. А ўжо наступным разам усё будзе па-нашаму.

Я пачухаў патыліцу: дзядоўскі метад — дэдукцыя, прапанаваная зайцам, — яўна не спрацаваў: жанчынам быў нявыгадны апакаліпсіс, і ўсё ж яны яго арганізавалі.

Ваш каментар