Блог Усяслава Чарадзея. Пост №6. Пра дэманстрацыю вегетарыянцаў і драпежных вавёрак.

1091 год. Сакавік. Гэта ўсё цяга да справядлівасці вінаватая. З тым князем, індыйскім магараджам, які напалову слон, напалову – арангутанг, справы наладзіліся. Ён, як арангутанг, палез на хвою, але якраз пачаў ператварацца ў слана дый сарваўся. Сам не вельмі пацярпеў: толькі хобат зламаў, аднак сваёю спінаю звёў са свету і гісторыі цэлы табар апошніх полацкіх эльфаў. Мяне, як чалавека больш звыклага да тутэйшай флоры, вярнулі на полацкі пасад.

Прыйшоў я ў поўны парадак і вырашыў ад спраў княжацкіх адпачыць: арганізаваць у лесе дэманстрацыю вегетарыянцаў надумаў. Ну, проста, чыста па-людску люблю справядлівасць, роўнасць, каб ніхто нікога не выкарыстоўваў – не, праўда, – нават у такіх звыклых рэчах, як харчовыя ланцугі.

Адным словам, накрэмзаў кіпцямі лозунгі на берасце:  “Мяса-шмяса”, “Не еж нас – мы табе яшчэ прыдадзімся”, “Мясаеды паміраюць маладымі” і раздаў зайчыкам, вожыкам і вавёрачкам (не, ім не даў – яны мяса ядуць. Чытаць адпаведны артыкул пра вавёрачак у дзіцячай энцыклапедыі).

Пайшлі ўсе: часткова таму што я спецыяльны княскі ўказ выдаў, але збольшага таму, што наш мядзведзь сэк’юрыці быць падахвоціўся. Кажа “буду на дэманстрацыі вегетарыянцаў прадстаўніком ад драпежных мас”. Ну, усе, вядома, расслабіліся: вожыкі іголкавыя шубы паскідалі, зайцы зубы на цвік павесілі. Ідзем – раптам мядзведзь схапіў усіх дэманстрантаў і ў рот цягне.

“Міхал, ну, што ж ты робіш? – абурыўся я. – Ты ж нас абараняць абяцаў!”.

“Ну, вось ты, Славік, – адказвае гэты, – напалову воўк, напалову – чалавек, а я напалову вегетарыянец, напалову – есці хочацца”. І апошнюю мышку гам-гам – і няма.

Карацей, за што яго толькі ў нашых казках толькі любяць: так, звычайны кілер.

Не, трэба мне назад у горад, у Полацк, там людзі, цывілізаваныя чалавечыя адносіны ўрэшце.

2 каментара

  1. # 19 траўня 2011 22:03
    Аўтар: redyah

    вось і я не магу разбрацца, вегетарыянец я ці не, вельмі актуальны пост. Не ведаў, што ў нашага князя падобныя пытанні былі. Зрэшты ў выглядзе ваўка ён мог не надта пераймацца этычнымі момантамі.

  2. # 27 траўня 2011 13:02
    Аўтар: Кацярына

    А так заўсёды адбываецца :)) Нават пры цывілізаваных адносінах :)) Заўсёды знойдуцца сек’юрыці, якія на гэтым добра нажывуцца, адпачнуць, ды і падмацуюцца :))

Ваш каментар