Блог Усяслава Чарадзея. Пост №7. Пра фенаменальны слых і цвікі на троне

Сакавік. 1091 год. Гэта ўсё мой фенаменальны слых вінаваты. Чую я на вялікія адлегласці, і, у прынцыпе, часам у такога дару ёсць перавагі. Бывае, на нашай Сафіі званы звоняць на вячэрню, а ў Кіеве ёй як бы адказваюць, і так яны хораша перагукаюцца — стаю пасярод палаца і заслухваюся, а чэлядзь навокал няўцямна пераглядаецца, бо я ж адзін такое чую! Ці яшчэ полаўцы ў сваіх стэпах пачынаюць змовы плесці супраць мяне, а я ўсе іхныя гутаркі лаўлю (хоць мовы полаўскай і не разумею).

Аднак, разам з тым, пракідаюцца праз мой дар і праблемкі. Аднойчы падняўся я на ютрань. Памыўся, памаліўся і пайшоў на працу, у палац. І што я бачу?! Чаляднікі зусім край перайшлі: адзін спакайненька так у віно атруту падмешвае, другі цвікі на трон кладзе.

“Што ж вы, зверы, робіце? — пытаю. — Хоць бы прыхаваліся”.

А яны, разгубленыя: “А мы думалі, княжа, ты адно праз гадзіну прыйдзеш”. Мяне як Перуном працяла — я ў пасцельцы чуў званы, але толькі не полацкай Сафіі, а Наўгародскай, а гэта ж іншы часавы пояс — там усё на гадзіну раней. Вось і падскочыў гэтак рана.

Не, неспадзяванак мне не трэба — цэлая гадзіна здаровага сну такім чынам сабаку пад хвост, і палацавы персанал усхадзіўся. Карацей, сабраўся я, і пайшоў паходам на Ноўгарад. Людзей там не кранаў (амаль), іхную Сафію не бурыў — толькі залез і дэмантаваў званы. А то моду ўзялі наўгародцы — будзільнік ставіць на гадзіну раней. Добра яшчэ, думаю, што больш усходняя Тмутаракань — паганцы і званоў не маюць, а то б заяўляўся на працу раней ужо на цэлых дзве гадзіны. І якія выбрыкі чаляднікаў я б бачыў тады — аднаму Богу вядома…

4 каментара

  1. # 25 траўня 2011 8:21
    Аўтар: Андрей

    Прошу прощения, что пишу здесь на русском, но лишь хотел вас попросить сделать копию вашего журнала в ЖЖ. Спасибо

    • # 06 чэрвеня 2011 14:58
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей

      Будзем старацца.

  2. # 27 траўня 2011 12:59
    Аўтар: Кацярына

    А глядзі ты, княжа, як добра яно атрымліваецца :)) Бач, мо, хутка і іншыя з-пад пылу павыглядаюць чалавечымі вачыма :))

    • # 06 чэрвеня 2011 15:03
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей

      Зраблю ўсё, каб не нашчадкі не думалі, што я такім ужо сабакам быў

Ваш каментар