Блог Усяслава Чарадзея. Пост № 9. Май 1060. Пра (сярэдня)вечную паліткарэктнасць

Прыбег учора заяц і давай сваю ўлюбёную тэму прасоўваць: маўляў, навокал ХІ стагоддзе, пагалоўнае цемрашальства і дзікунства, а ты, шэры, павінен з гэтага ўсяго выкараскацца і народ за сабою пацягнуць. Я кажу яму: “Зая, я ж ужо Сафійскі сабор пабудаваў, агмень культуры і светач хрысціянства. Трыццаць гадоў на будоўлі жылы цягнуў”. А ён мне, маўляў, аднаго культавага збудавання – замала. Трэба, каб пагалоўная пісьменнасць, асвета, каб кнігі…

– …Дык у мяне ў асабістым кнігазборы ўжо дзве ёсць, – кажу.

– Трэцюю купляй!

– Не, – кажу, – ведаеш, колькі гэтая рукапісная кніга цяпер, у часы пагалоўнага цемрашальства і дзікунства, каштуе? Мне прасцей другую Сафію адляскаць. А што? І па сродках, і мне поўны фэншуй: дзве кнігі ў кнігазборы, дзве Сафіі ў Полацку, два павешаныя полаўцы на брамах.

– Ты сваю сафістыку кінь, – кажа заяц, – трэба адукоўвацца. Пачынай з самога сябе: выражайся культурна, паліткарэктна…

– Як-як?

– Паліткарэктна, – кажа заяц. – Гэта калі ты кажаш не “павесіў полаўцаў”, а “прыпыніў людское існаванне метадам гвалтоўнай асфіксіі”, і не полаўцы, а “асобы качэўнай нацыянальнасці”, ці проста “асобы без акрэсленага месца жыхарства”, БАМЖы. Дапяў?

– Не.

– Ну, памятаеш, ты з Яраславічамі на Нямізе счапіўся?

– Ну…

– “…Як Нямігі крывавыя берагі засеяны касцямі рускіх сыноў”. Што я сказаў?

– Нешта вельмі эфектнае і летапіснае…

– Гэта я ў паліткарэктным ключы апавёў, як ты з іншымі князямі-братанічамі не падзяліў удзельную тэрыторыю і ўчыніў той прыкры несімпатычны разбор проста на вуліцах Менска!

– Але зая! – запратэставаў я. – У тваіх словах усё неяк узнёсла было!..

А заяц мне:

– Запомні, шэры: паліткарэктнасць – не для таго, каб сказаць праўду ці ўнесці яснасць. Паліткарэктнасць – гэта такі старадаўні спосаб пераканаць нашчадкаў, што ты быў прыстойны і культурны кіраўнік. Не тое што іншыя валадары-галаварэзы… Увогуле, нават і самі летапісы ды сагі можна яшчэ больш абкультурваць. Давай вось ты. Як будзе па-паліткарэктнаму:

Кладуць на Нямізе снапамі,
Упокат галовамі сцелюць,
Малоцяць цяжкімі цапамі
І веюць душу ад цела…?

Пачухаў я сваю кашлатую патыліцу і пакрысе выдаў:

Кладуць на Нямізе
снапамі –
дажынкі ў разгары.
Малоціць інавацыйная
сельгастэхніка –
І вее душэўнай цеплатою.

– Песня, балада і рыцарскі эпас адначасова! – ухваліў заяц. – За нашчадкамі, шэры, не заржавее.

26 каментароў

  1. # 03 чэрвеня 2011 17:33
    Аўтар: Eva

    паліткарэтна )

    • # 06 чэрвеня 2011 14:50
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей

      паліткашэрна

      • # 07 чэрвеня 2011 6:18
        Аўтар: тоўсты

        палітманерна.

  2. # 04 чэрвеня 2011 11:06
    Аўтар: вечаровая зарніца

    Княжа! Дык ў цябе сапраўдны талент – глядзі, як добра і паліткарэтна атрымалася) Нават трошкі японскія хокку нагадвае -так ўсё таямніча і адначасова празрыста. Асабліва радок пра снапы прыгожы :)

    • # 06 чэрвеня 2011 13:00
      Аўтар: Uladzimir

      Вітаю Вас Княжа! У прыватнасці мяне найбольш зацікавіў фэномен так званыга беларускага цуда ў адукацыі лясных жыхароў, вось зайцы у нас пра бацькаўшчыну дбаюць, мяркую і астатнія напрыклад мядзьведзі так сама без справы не сядзяць

      • # 06 чэрвеня 2011 14:47
        Аўтар: Усяслаў Чарадзей

        Бяс справы яшчэ яноты сядзяць. я іх пасадзіў на два гады ні за што. Было б за што дык на 4 пасадзіў

        • # 07 чэрвеня 2011 6:19
          Аўтар: тоўсты

          гэта вы дарма. яноты вельмі прыдатныя ў гаспадарцы зьвяры. напрыклад, вядома, што з янотаў атрымліваецца ня толькі добры капялюх, але яшчэ застаецца футра на два каўнеры.

    • # 06 чэрвеня 2011 14:45
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей
    • # 06 чэрвеня 2011 14:48
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей
    • # 06 чэрвеня 2011 14:51
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей

      Ведаеце, люблю паэзію. Паэтаў менш. Гэта я пра я Баяна. Што за чалавек прыйшоў да мяне ў харомы: п’янстваваў, блазнаваў, блюзнерыў… А ямушу яму дагаджаць, бо толькі праз яго можна ў вечнасць трапіць…

      • # 07 чэрвеня 2011 6:20
        Аўтар: тоўсты

        трэба было выкаціць яму партвейна бадзію. самі нябось пад партвейнам гэты блог пішаце. цьвярозым відаць і асадкі ня бачылі ніколі. ці гэта на парашковых адхадняках з вас ільецца?

        • # 07 чэрвеня 2011 13:28
          Аўтар: Усяслаў Чарадзей

          “САм”, “нябось”, “бадзію”…. А хто не п’е? Пакажыце мне яго адразу поў- чагоне-будзь дам. Але пішу пасты заўсёды цвярозы, пісаць у ЖЖ – гэта як кіраваць… краінай.

  3. # 06 чэрвеня 2011 16:40
    Аўтар: Uladzimir

    Гэта так літасцівы Княжа, паэтыў па-болей б нам, каб дух беларускі часцей сьпяваў, разгортваўся а потым на месца вяртаўся так бы мовіць задавальненне атрымалі з пакояў не выходзячы. Мабыць Князю самаму ў якое выдавецтва звярнуцца Полацкае ці Менскае напрыклад, з прапановай да друкавання ўласнага зборніка вершаў, вось добра б было “Зборнік сераднявеччай паэзіі Князя-Паэта, Валадара зямель Полацкіх іх Прывялебнасці Ўсяслава Чарадзея”, ЭХ!

    • # 06 чэрвеня 2011 18:42
      Аўтар: nondatur

      Ага, і няхай бы хто-небудзь толькі адмовіўся гэты зборнік купіць!

    • # 07 чэрвеня 2011 13:30
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей

      Перамовы вядуцца… Зноў жа з тым самым Баянам. Але чалавек ён нораву ўпірыстага – любіць каб яго на лапах насілі… Можа мне лепей мемуары напісаць? І як бы яны называліся, га?

      • # 07 чэрвеня 2011 13:49
        Аўтар: Uladzimir

        мабыць штосці накшталт гэтага “Мемуары Чарадзея з ракі Палаты, альбо як я правёў адзінаццатае стагодзе”

        • # 07 чэрвеня 2011 13:53
          Аўтар: Uladzimir

          Ці так “Мемуара аднаго Князя Ваўкалака пра складаны час, свядомага зайца і паэта прапойцу Баяна “

      • # 07 чэрвеня 2011 14:26
        Аўтар: nondatur

        “Чалавечае и воўчае. Адзінасць і барацьба супрацьлегласцей”

        • # 07 чэрвеня 2011 14:50
          Аўтар: Uladzimir

          Гэта ўжо больш падобна на філасофскую працу

          • # 09 чэрвеня 2011 14:36
            Аўтар: nondatur

            а што, па-мойму, добрая ідэя! Першы філасофскі твор на тэрыторыі Беларусі! Гэта ж прарыў! І няхай яны са сваім Рэнесансам ціхенька маўчаць.)

        • # 08 чэрвеня 2011 10:46
          Аўтар: Усяслаў Чарадзей

          Лепей ужо так: “Славік і Вовік. Адзінасць і барацьба супрацьлегласцяў”

  4. # 07 чэрвеня 2011 0:32
    Аўтар: nondatur

    Перадавайце прывет зае, калі ласка.

    • # 08 чэрвеня 2011 10:47
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей

      Ды без пытанняў. Але нешта ён лютуе апошнім часам, зацяўся на сваёй асвеце.

      • # 09 чэрвеня 2011 14:38
        Аўтар: nondatur

        о, асветнік! У правільным рэчышчы працуе! Скажыце яму, што за гэта ён праз парачку стагоддзяў на грошах будзе красавацца.)

  5. # 07 чэрвеня 2011 6:22
    Аўтар: тоўсты

    мне здаецца, што ў аўтара шызафрынія. ужо зайцы нейкія, песьні, паліткарэктнасьць.
    ці шызафрэнія, ці парашковыя адхаднякі.

  6. # 07 чэрвеня 2011 14:56
    Аўтар: Uladzimir

    не, парашкі мяркую тут не прычым, хучэй наступствы паэтычных чытанняў са славутым Баянам, уплыў Баян аказвае надта філасофскі, трэба князю крыху абставіны змяніць, напрыклад на полаўцаў ці на Ноўгарад палкі свае слаўныя свадзіць.

Ваш каментар