Блог Усяслава Чарадзея. Пост №4. Пра ерусалімскія грыўні і крыжпаход на Святую Зямлю

Гэта ўсё нястача заморскай валюты вінаватая. Звязаліся са мною з прыёмнай папы Урбана ІІ, ці не хочаце, княжа, далучыцца – арганізуецца турыстычная крыжовая паездка на Святую Зямлю заадно з вызваленнем Ерусаліму ад егіпецкага султана. І жонка кажа: “З’ездзіш урэшце на Поўдзень адпачнеш, паганцаў мечыкам пасячэш – спортам зоймешся”. Падумаў я: “А чаму і не?” Сядзіш тут поседам у полацкіх балотах, а там пясочак, мора, узоры раннехрысціянскага дойлідства, шаўрма, рахат-лукум. Зноў жа які шахер-махер з недабітымі персамі вытанцуецца.

Перад выхадам намысліў запасціся ерусалімскімі грыўнямі. Мятнуўся сюды, мятнуўся туды, і што высвятляецца? НЯМА! Нідзе. Ні ў кога. Ані грывенькі! Падыходжу да мянял, што такое? У іх там, у няверных, кажуць мянялы, глыбокі крызіс каштоўнасцяў і бунт.

Пачухаў я патыліцу: “Што я, той, хто чаканіў свае ўласныя грыўні, не здолее накаваць нейкіх там ерусалімскіх?” Пайшоў у лес – даверыў усю справу зайцу – паказаў чарцяжы, даў коштметалаў. З новымі накаванымі ерусалімскімі грыўнямі вярнуўся ў горад. Але на маё здзіўленне полацкія мянялы мяне тут жа ў астрог запхнулі. Я, вядома, спрабаваў абараніцца сваёй княжацкай недатыкальнасцю, але тыя запярэчылі: “Нам пляваць, князь ты ці не – грошы падрабляць у нас караецца па законе”.

Давялося прыкінуцца выпатрашанай ваўчынай скурай і бачком-бачком, па падлозе, у лес шмыгануць.

Сустрэў зайца – кажу: “Слухай, вушасты, ну нельга грошы – нават ерусалімскія – на свой, звярыны розум рабіць – з выявамі вавёрак, зайцаў, ваўкоў і ласёў! Не, праўда, зая, лапу на сэрца: дзе, у якой краіне ты такія грошы са звярамі бачыў?”

…Так вось я ў аздараўленчы паход у Ерусалім не пайшоў. Я ўвогуле цяпер лічу: калі дзе на Поўдні адпачываць, дык не варта далей за Палессе ад’язджацца. Эх, Палессе – тры цудоўныя П: Поўдзень, Прыпяць і пясочак!..

П.С. Я яшчэ верш сачыніў. Пра цяжкую працу полацкіх фальшываманетчыкаў і, вядома, пра сябе, каханенькага:

…Куе, забыўшыся, рука

Заміж персідскага узору

Свайго любімага ваўка.

9 каментароў

  1. # 10 траўня 2011 22:05
    Аўтар: Правільны блог Усяслава Чарадзея

    Гэта ўсё блюзьнерства супраць Гісторыі.

    Вось ён – правільны Блог Усяслава Чарадзея!

    1044 год, май.

    Памёр бацька, царства яму нябеснае. Я зрабіўся полацкім князем, маючы 15—16 гадоў. На працягу першых 16 гадоў крыніцы не паведамляюць пра Полаччыну і дзейнасьць мяне маладога. Праўдападобна, гэта тлумачыцца тым, што мая дзейнасьць не выходзіла за межы Полацкай зямлі. А летапісы суседніх дзяржаваў звычайна ўзгадвалі Полацак толькі тады, калі я сваімі дзеяньнямі закранаў інтарэсы Кіева, Ноўгарада альбо падпарадкаваных ім земляў.У гэтыя часы Ўсяслаў займаўся ўнутраным уладкаваньнем сваёй дзяржавы.

    Пры мне ў сярэдзіне XI ст. заканчваецца працэс пераносу адміністрацыйнага цэнтру Полацку з «гарадзішча Рагвалода» на Верхні замак. Тут, на Верхнім замку я будую новы замак-дзядзінец, славуты Полацкі Сафійскі сабор, таксама распачалося ўзвядзеньне іншых манумэнтальных збудваньняў. У якасьці ўзору для сабора я абраў канстантынопальскую Сафію. Раней чым у Полацку аналягічныя будынкі зьявіліся толькі ў Кіеве і Ноўгарадзе. Гісторыя захавала імёны полацкіх дойлідаў: Давыд, Таўма, Мікула, Капес. Ёсьць сьведчаньне, што я будаваў і ўмацоўваў ня толькі сваю сталіцу, але і іншыя гарады Полацкай зямлі: Браслаў, Друцак, Заслаўе, Лагойск, Копысь, Воршу, Менск.

    Рэшта – ад лукавага.

    Пруфлінк: http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Усяслаў_Чарадзей

    • # 11 траўня 2011 15:31
      Аўтар: al

      неа. Гэта кароткая біяграфія. Пры чым Вы пішаце, то ад першага імя, то пра Усяслава. Гэта хутчэй біяграфічная даведка, чым блогггггг :)

  2. # 11 траўня 2011 17:59
    Аўтар: картаплянег

    ага
    народ узбунтаваўся
    кажуць – князь НЕСАПРАЎДНЫ!!!

  3. # 13 траўня 2011 0:27
    Аўтар: Zjmitser

    Sapraudny. Vyshej navat fatazdymak ёsjtsj.

  4. # 13 траўня 2011 22:44
    Аўтар: Зміцер

    Вельмі ўсміхнула :)))

  5. # 15 траўня 2011 23:56
    Аўтар: íordana

    вось жа гэты заяц, каб на яго ліха:)
    *пляскаць у далонькі*

  6. # 29 траўня 2011 14:42
    Аўтар: Тутэйшы

    Vel’mi spadabaysia verw. Moza z’iavicca tradiciia pisac’ karacen’ki verw paslia koznaga pasta? =)

    • # 31 траўня 2011 11:29
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей

      Няма часу, гэта я паэзію пішу толькі калі час ёсць: за рашоткай, у цямніцы сырой. Напрыклад у кіеўскім астрозе, а цяпер часу няма: Полацк, лета, полаўцы…

    • # 06 чэрвеня 2011 14:54
      Аўтар: Усяслаў Чарадзей

      Во напісаў яшчэ адзін верш. Хоку кажуць, глядзіце пост №9.

Ваш каментар